Дэстабілізацыя фінансаў страшнейшая за апазыцыю

Радыё Свабода «Самая страшная праблема – гэта не апазыцыя, самае страшнае – гэта дэстабілізацыя фінансавага рынку». – заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, прадстаўляючы новага кіраўніка Менскай вобласьці Леаніда Крупца.
Лукашэнка прыгадаў расейскі эканамічны крызыс канца мінулага стагодьдзя: “Памятаеце дэфолт 1998 году ў Расеі і як мы цяжка зь яго выходзілі. Ня дай Бог дапусьціць гэта ў нашай краіне. А мы да гэтага, можна сказаць, ішлі ў канцы мінулага – на пачатку сёлетняга году, калі было мала рэсурсаў і калі Расея падкінула нам вядомыя праблемы”, – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз запатрабаваў ад ураду і кіраўнікоў вобласцяў забясьпечыць станоўчае сальда зьнешняга гандлю. Па выніках першых чатырох месяцаў году адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балянсу склала 1 мільярд 162 мільёны даляраў.