Пуцін прапанаваў ЗША выкарыстоўваць радар у Азэрбайджане

Вячаслаў Ракіцкі, Прага На саміце “вялікай васьмёркі” ў нямецкім гарадку Гайлігендаме прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прапанаваў ЗША сумесна выкарыстоўваць Габалінскую радыёлякацыйную станцыю ў Азэрбайджане. Гэтая прапанова зьяўляецца альтэрнатывай амэрыканскаму пляну разьмясьціць у Польшчы і Чэхіі элемэнты сваёй супрацьракетнай сыстэмы. Масква рэзка пярэчыць гэтаму пляну і нават заявіла, што ў адказ перанакіруе свае ракеты на Эўропу.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш з зацікаўленьнем паставіўся да расейскай прапановы і паведаміў, што Вашынгтон і Масква вырашылі правесьці “стратэгічны дыялёг” у гэтым пытаньні:



“У выніку мы дамовіліся пра стратэгічны дыялёг, што дасьць магчымасьць нашым міністэрствам замежных справаў, абароны і нашым вайскоўцам падзяліцца меркаваньнямі і сумневамі. Гэта будзе вельмі сур’ёзнае абмеркаваньне. Праблема вельмі сур’ёзная і трэба зарабіць так, каб мы дакладна зразумелі пазыцыі адзін другога. У выніку, спадзяюся, мы станем лепей разумець, пра якія тэхналёгіі ідзе гаворка, і створым новыя пэрспэктывы сумеснай працы”. Будынак Габалінскай радыёлякацыйнай станцыі

Генэральны сакратар НАТО Яап дэ Хооп Схефэр заявіў, што пакуль рана выносіць канчатковае рашэньне адносна прапановы Расеі сумесна з ЗША выкарыстоўваць радыёлякацыйную станцыю ў Азэрбайджане. На ягоную думку, гэта занадта блізка да Ірану:

“Пакуль рана меркаваць пра магчымасьці азэрбайджанскага радару, у сэнсе абароны ад існуючых пагрозаў. На мой погляд, ён знаходзіцца занадта блізка ад краінаў з непрадказальнымі рэжымамі, пра якія мы гаворым”.

На думку ваенных экспэртаў, вельмі блізкае знаходжаньне радара побач з краінай, адкуль можа ісьці пагроза ракетнага ўдару, ускладняе супрацьракетную абарону. Брытанскі экспэрт Дункан Ленакс патлумачыў нашаму радыё:

“Праблема ў тым, што калі вы маеце радар вельмі блізка ад пункту запуску ракеты, ракета пераляціць праз гэты радар і будзе аддаляцца ад радара. Ускладняецца працэс вядзеньня радарам перахопніка, які павінен зьбіць ракету”.

Тым часам міністар замежных справаў Азэрбайджану Эльмар Мамадыяраў выказаў гатовасьць Баку ўдзельнічаць у кансультацыях у гэтым пытаньні:

“Наша пазыцыя такая: радар – уласнасьць Азэрбайджану, аддадзеная ў арэнду Расеі. Мы ўжо паінфармавалі ўсе бакі, што Азэрбайджан павінен удзельнічаць у любых перамовах у гэтым пытаньні”.