Віцебск: Зьбітыя міліцыянтамі актывісты запатрабавалі адваката і сьведкаў

Радыё Свабода У судзе Віцебскага раёну пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы Генадзя Шараха, Зьмітра Лісіенкі, Алеся Дзеравянкі й Андрэя Данілеўскага. Учора супрацоўнікі міліцыі затрымалі маладых людзей за несанкцыянаванае пікетаваньне.
Спадароў Шараха, Лісіенку, Дзеравянку і Данілеўскага затрымалі ўчора каля будынку Першамайскага райсуду Віцебску. Там другі дзень судзяць вядомага журналіста і праваабаронцу Валер’я Шчукіна.

Суд над чатырма затрыманымі хлопцамі пачаўся ў гадзіну дня. Усю раніцу іх вазілі на службовай машыне па чатырох раённых судах. Урэшце хлопцаў завезьлі ў суд Віцебскага раёну, а не ў Першамайскі райсуд, дзе затрыманых чакалі іншыя моладзевыя актывісты, каб выказаць салідарнасьць.

Студэнт Алесь Дзеравянка заявіў на судзе, што ўчора падчас затрыманьня іх зьбівалі міліцыянты:

“Прымянялі фізычную сілу. Калі мяне садзілі ў мікрааўтобус, на якім нас, затрыманых, мусілі завезьці ў Першамайскі аддзел унутраных справаў, то мяне схапілі за грудзі, штурхнулі, ударылі аб дзьвярны касяк. Засталося шмат сьлядоў ад удараў, драпіны, сінякі. Што да Зьмітра, то яго ўвогуле заштурхнулі ў наручніках, там круцілі, выкручвалі рукі. Я гэта ўсё добра бачыў, быў сьведкам і магу пацьвердзіць”.

Зьбіты Алесь Дзеравянка

Падсудныя аднадушна запатрабавалі адвакатаў, а таксама папрасілі выклікаць сьведкаў учорашніх падзеяў. Судзьдзя Натальля Трацякова задаволіла хадайніцтва. Хлопцаў адпусьцілі з-пад варты, уручыўшы ім позвы на 11 і 14 чэрвеня.

Генадзь Шарах, Зьміцер Лісіенка, Алесь Дзеравянка й Андрэй Данілеўскі каля Віцебскага райсуду

Учора некалькі дзясяткаў актывістаў з розных гарадоў Беларусі прыехалі падтрымаць Валер’я Шчукіна, на якога завялі крымінальную справу. Апазыцыянэра вінавацяць у абразе сябраў абласной і акруговай выбарчых камісіяў. Сёньня суд заслухаў сьведкаў па гэтай справе. Наступнае пасяджэньне адбудзецца заўтра.