Юры Хашчавацкі: “Вось там я нарэшце ўбачыў ягоны твар”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Вітаю вас! Вось як выглядаў дзень 7 чэрвеня розных гадоў мінулага ў публікацыях беларускага друку
“Віцебскі пролетарый”, год 1937. Газэта паведамляе са зьезду пісьменьнікаў Беларусі: “Усе выступаўшыя пісьменьнікі рэзка гаварылі аб паэце Александровічу. Яму быў створаны дуты аўтарытэт, яго не крытыкавалі, змазвалі даўно вядомыя яго варожыя дзеянні. На сходзе прыводзіліся факты супрацоўніцтва Александровіча з нацдэмамі. Гэта па іх заданню ён пісаў контррэвалюцыйныя вершы... Сход вывеў Александровіча са складу праўлення саюза советскіх пісьменнікаў Беларусі”.

На старонках “ЛіМу” ў 1947 годзе Браніслаў Смольскі адзначае: “У творчасці другога буйнейшага беларускага сімфаніста кампазітара М.Аладава тэма любві да Радзімы раскрыта некалькі ў іншым плане. Напрыклад, у сімфанічнай паэме “З дзённіка партызана” тэма патрыятычнай гордасці за беларускіх партызан дадзена ў канкрэтным плане, хаця вобраз героя, яго тэма ўвасабляе пачуцці і дзеянні цэлага атрада. Праграма паэмы паслядоўна разгортваецца ў шасці эпізодах, кожны з якіх дае пэўную карціну — фазу барацьбы партызан супраць нямецкіх акупантаў”.

“Имя”, год 1997. Юры Хашчавацкі апавядае пра свой фільм “Обыкновенный президент”: “Мне самому больш за ўсё спадабаўся эпізод прысутнасьці прэзыдэнта на прэзэнтацыі Габэлену стагодзьдзя. Вось там я нарэшце ўбачыў ягоны твар... Ён быў задаволены ўласным адлюстраваньнем, якое аўтар габэлену паставіў вышэй за Папу Рымскага. На твары Аляксандра Рыгоравіча было напісана пачуцьцё, мабыць, нават мацнейшае за аргазм”.