Л.Козік: Няхай Эўропа змагаецца з урадам, а не з працоўнымі

Ігар Карней, Менск Сёньня ў Швайцарыі пачынаецца Міжнародная канфэрэнцыя працы. Чакаецца, што на наступным тыдні абмяркуюць сытуацыю са станам незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Для ўдзелу ў слуханьнях у Жэнэву выправяцца кіраўнікі прафсаюзных структураў-апанэнтаў — старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік і лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. А вось урадавая дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым ужо ад’ехала ў Жэнэву, дзе спадзяецца адтэрмінаваць пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў з-за парушэньня правоў працоўных і прафсаюзаў.
21 чэрвеня набывае моц рашэньне Рады Эўразьвязу аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў у зьвязку з сыстэматычным парушэньнем правоў прафсаюзаў у краіне.

Верагоднасьць адтэрміноўкі свайго рашэньня Эўразьвяз зьвязвае толькі з умовай выкананьня беларускімі ўладамі рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) на выпраўленьне парушэньняў правоў працоўных.

“Беларускае пытаньне” ў Жэнэве разгледзяць праз тыдзень на паседжаньні Камітэту ў нормах і стандартах МАП. З інфармацыяй аб захадах на выкананьне рэкамэндацый МАП выступіць віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў.

“Правая рука ня ведае, што робіць левая”?

Напярэдадні кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў заклікала ўрад Беларусі “выявіць палітычную волю, сапраўдную адказнасьць” і выканаць усе рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы.

Аднак, як кажа кіраўнік арганізацыі Аляксандар Ярашук, пазыцыя афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі можа сапсаваць усе ўладныя памкненьні:
А.Ярашук: “Урад прызнаў, што правы прафсаюзаў у краіне парушаюцца... І ў гэты ж час ФПБ кажа: няма ніякіх парушэньняў. Правая рука ня ведае, што робіць левая”.
“Калі ФПБ сьцьвярджае ў лістах да амбасадаў краін Эўразьвязу, да МАП, што ў краіне няма парушэньняў, а ўрад адкрыта дэкляруе, што прыступіў да выкананьня рэкамэндацый, то гэта значыць: урад прызнаў патрабаваньні, якія маюць зусім канкрэтны характар і скіраваныя на ліквідацыю тых парушэньняў правоў прафсаюзаў, якія маюць месца ў краіне.

То бок, урад прызнаў, што правы прафсаюзаў у краіне парушаюцца, спрабуе пераконваць, што ён выконвае рэкамэндацыі МАП. І ў гэты ж час Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі кажа: няма ніякіх парушэньняў правоў прафсаюзаў. Такім чынам, правая рука ня ведае, што робіць левая. І гэта ўжо, напэўна, ня толькі сацыяльны, але і мэдычны дыягназ”.

Л.Козік: “Працоўны чалавек тут пры чым? Прадпрыемствы прычым?”

Паводле спадара Ярашука, пагрозы пазбавіць Беларусь гандлёвых прэфэрэнцый ня варта ўспрымаць як нейкі жарт. Пытаньне мае рэальны кошт — амаль да паўмільёна эўра стратаў. Праўда, у інтэрвію Радыё Свабода старшыня ФПБ Леанід Козік заявіў, што аптымістычна ацэньвае магчымасьць адтэрміноўкі ў справе скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцый:

“Канечне, я спадзяюся, што будзе прынятае разумнае рашэньне. Дзясяткі дзяржаваў, з дэлегацыямі якіх мы ўжо перагаварылі (мне нашы людзі адтуль пра гэта паведамляюць) нас падтрымалі — хто вусна, хто пісьмова. Таму што ўсе разумеюць: навошта працоўнага чалавека пазбаўляць прыбытку? А з урадам няхай змагаюцца!
Л.Козік: “Мяне за што? Няхай змагаюцца з урадам, няхай не пускаюць, рахункі арыштоўваюць, не даюць ехаць у адпачынак, на курорты... Любыя мэтады. Але працоўны чалавек тут пры чым? Прадпрыемствы прычым?”
Яны ж сьпіс неўязных склалі — 30 ці колькі там чалавек, у тым ліку і мяне ўпісалі. Мяне за што? Ня ведаю. Дакладней, магу здагадвацца. Няхай змагаюцца з урадам, няхай не пускаюць, рахункі арыштоўваюць, не даюць ехаць у адпачынак, на курорты. Што яшчэ? Не дазваляюць купляць праз інтэрнэт тавары, калі нехта выпісвае. Любыя мэтады. Але працоўны чалавек тут пры чым? Прадпрыемствы прычым? Цікава, што наш тавар і ў Эўропе ж патрэбны! Калі б ён ня быў патрэбны, яго б там не куплялі, туды не вазілі”.

Судан, Куба, Вэнэсуэла, Таджыкістан – з ФПБ

Сапраўды, напярэдадні Міжнароднай канфэрэнцыі працы ФПБ распачала кампанію супраць прыпыненьня льготаў паводле Абагульненай сыстэмы прэфэрэнцыяў у адносінах да Беларусі. Быў падрыхтаваны зварот да нацыянальных прафсаюзных аб’яднаньняў, ініцыяваны асабіста Леанідам Козікам.

На інтэрнэт-сайце прафсаюзнай структуры штодня паведамляецца пра ўсё новых прыхільнікаў ФПБ, якія будуць дамагацца захаваньня ранейшага статусу Беларусі. Паказальна, што ў масе сваёй гэта краіны, якія самі маюць небездакорную рэпутацыю ў сьвеце — Сырыя, Судан, Куба, Вэнэсуэла, Балівія, Пэру, Эквадор, Калюмбія, Таджыкістан.

Беларусь усталявала “ўсясьветны рэкорд” парушэньняў правоў прафсаюзаў

Як удакладняе лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук, захаваць прэфэрэнцыі Беларусі будзе досыць цяжка.

Яшчэ да агучанага намеру пазбавіць краіну прэфэрэнцыяў Беларусь неаднаразова называлася ў шэрагу асноўных парушальнікаў правоў прафсаюзаў і працоўных:

“Мы насамрэч ужо, напэўна, усталявалі нейкі ўсясьветны рэкорд. Таму што ніводная краіна апошнім часам так рэгулярна не заслухоўвалася (маючы на ўвазе праблему парушэньня правоў прафсаюзаў) і так часта не прыцягвалася да адказнасьці — фактычна кожны год, пачынаючы ад 2001-га. Чатыры разы беларускае пытаньне выносілася ў спэцпараграф, адзін раз прызначалася камісія МАП у расьсьледаваньні. А цяпер вось дайшло і да непажаданых рашэньняў з боку Эўрапейскага зьвязу”.