“Менавіта Севярынца многія жадаюць бачыць лідэрам новай моладзевай арганізацыі” (1997)

Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 29 траўня ў розныя гады мінулага.
Орган палітупраўленьня Беларускай вайсковай акругі “Красноармейская правда” ў 1927 годзе на паласе “Чырвоны памежнік” піша: “На заставе не было музычнага інструмэнту. А бяз гэтага на мяжы зусім дрэнна. Нарэшце, вырашылі на ўласныя сродкі набыць грамафон. Сказана — зроблена. І жыцьцё пайшло зусім па-іншаму. Прыходзіш з паста на кардон — тут ужо грамафон іграе. Нягледзячы на стому, часам сам пачынаеш танчыць. Весялей зрабілася”.

“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1957 году дае слова Станіславу Станкевічу, які ў 40-я ўгодкі з дня сьмерці Максіма Багдановіча адзначае: “Паходжаньне Багдановіча з абруселае інтэлігенцкае сям’і, ягоная доўгая ізаляцыя ад беларускага краю і народу, а так-жа расейскае школьнае выхаваньне стваралі ўсе перадумовы для таго, каб Багдановіч у сваім адчуваньні стаўся Расейцам... Ня гледзячы, аднак, на ўсё гэта, Багдановіч быў глыбокім нацыянальным паэтам і гарачым беларускім патрыётам”.

“Имя” на гэтым тыдні 1997 году паведамляе пра Паўла Севярынца: “Днямі ў жыцьці нашага героя адбылася новая падзея — пры ягоным удзеле 24 траўня прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя новай моладзевай арганізацыі — “Малады фронт”. 40 дэлегатаў з 25 гарадоў Беларусі абралі раду з 14 чалавек... У верасьні гэтыя хлопцы плянуюць правесьці ўжо зьезд “Маладога фронту”. Паводле нашай інфармацыі, менавіта Севярынца многія жадаюць бачыць лідэрам новай моладзевай арганізацыі”.