Пастара Антося Бакуна аштрафавалі

Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў Антося Бакуна — пастара Эвангельскай царквы Яна Прадвесьніка — за правядзеньне несанкцыянаванага богаслужэньня ў Пяцідзясятніцу (Тройцу паводле праваслаўнага календара).
Пастара Антося Бакуна затрымалі апоўдні 27 траўня ў ягоным менскім доме па вуліцы Даўгінаўскі тракт. Там сабраліся каля 80 вернікаў, каб адсьвяткаваць Пяцідзясятніцу — Тройцу паводле праваслаўнага календара.

Набажэнства толькі пачалося, як у дом прыйшлі міліцыянты ў цывільным і адвезьлі пастара “на размову” ў райаддзел міліцыі.

Спадар Бакун згадвае, што непадалёк ад свайго дому бачыў “аўтазак” — адмысловы МАЗ для перавозкі арыштаваных. Але “каробачка”, як празвалі такую машыну ў Менску, не спатрэбілася.

Вернікі біцца зь міліцыянтамі за пастара ня сталі, затое сёньня некалькі дзясяткаў сяброў царквы Яна Прадвесьніка ды іншых эвангельскіх цэркваў прыйшлі да будынку Цэнтральнага суду.

У суд Антося Бакуна прывезьлі з турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе ён правеў ноч. Жонка пастара Натальля, якая цяжарная другім дзіцём, згадала, што ёй адказалі міліцыянты на пытаньне: навошта мужа трымаюць за кратамі?

“Пасьля затрыманьня, калі нас прывезьлі ў Цэнтральны РАУС, юрыст спытаў у міліцыянта Аўсіевіча, які кіраваў гэтай апэрацыяй, няўжо пастар уяўляе небясьпеку, што яго трэба да суду трымаць ў ізаляцыі. Міліцыянту было няёмка. Але ён сказаў, што так мае быць. Але я лічу, што гэтак не павінна быць, бо гэта нас абражае і парушае нашы правы”, — кажа жонка Бакуна.

Антося Бакуна абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага набажэнства, якое прыраўнялі да сходу. На судзе пастар гэта прызнаў, але патлумачыў судзьдзю Леаніду Ясіновічу, што царква Яна Прадвесьніка, хоць і зарэгістраваная ужо сем гадоў, але ня можа атрымаць дазволу на пабудову будынку і на арэнду памяшканьня.

Тое, што пакаралі толькі штрафам на 20 базавых велічыняў (620 тысяч), Антось Бакун лічыць добрым знакам. Але збольшага ня згодны з сытуацыяй, калі вернікаў караюць за набажэнства:

“Мяне пакаралі за тое, да чаго я пакліканы Богам. Гэта ненармальна. Гэта яшчэ раз дэманструе, што ў нас законы не для таго, каб людзям было жыць прасьцей, а каб прасьцей было дзяржаве кантраляваць людзей”.

За правядзеньне несанкцыянаваных набажэнстваў у Беларусі перасьледуюць вернікаў розных пратэстанцкіх цэркваў. У 2006 годзе 10 сутак адміністрацыйнага арышту адседзелі сьвятар царквы “Запаветы Хрыста” Георгі Вязоўскі і вернік Сяргей Шаўцоў, які арганізаваў для адзінаверцаў рэлігійны сэмінар.


Вернікі прыйшлі да суду падтрымаць свайго пастара


Антося Бакуна прывезьлі ў суд з турмы на Акрэсьціна


Антось Бакун з жонкай Натальляй і сынам Адамам чакаюць працэсу

Гл. таксама:

Узмацняецца ціск на сьвятароў і вернікаў 18.05.2007

Айцу Аляксандру Шрамку прапанавалі пакаяцца 15.05.2007