Горадня: як спыніць разбурэньні ў гістарычнай забудове?

Сяргей Астраўцоў, Горадня У нядзелю актывісты кампаніі “Выратуем Горадню ад разбурэньняў” абмеркавалі за круглым сталом — якім чынам даць рады з гвалтоўным руйнаваньнем камяніц у гістарычнай забудове? Апошнім часам улады пачалі руйнаваць старыя будынкі ў рамках рэканструкцыі цэнтру горада.
Пра свой досьвед адстойваньня архітэктурных помнікаў расказаў віцебскі архітэктар-рэстаўратар Яўген Каўбовіч, які адмыслова прыехаў у Горадню. Паводле яго, галоўнае — патрабаваць, каб улады цалкам выконвалі заканадаўства, што датычыць архітэктурнай спадчыны. Неабходна таксама, каб перад рэстаўрацыяй каштоўных будынкаў абавязкова адбываўся конкурс на лепшы праект.

Удзельнікі адзначылі: бяда Горадні ў тым, што ўлады скасавалі рэстаўрацыйныя майстэрні, нават у Віцебску яны захаваліся. У горадзе над Нёманам у значнай ступені захавалася гістарычная забудова, а значыцца – тут патрэбны галоўны архітэктар-рэстаўратар, якія існуюць у польскіх гарадах.


Архітэктар-рэстаўратар Яўген Каўбовіч зь Віцебску