Ці паўплывае Кангрэс дэмсілаў на становішча ў беларускай апазыцыі?

Альгерд Невяроўскі, Менск Ці будзе ў апазыцыі больш адзінства пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў? Гэтае пытаньне ў Менску задаваў наш карэспандэнт.
Спадар: “Мне здаецца, ня зьменіць”.

Спадар: “Спадзяюся, што паспрыяе яднаньню, але сумняваюся. У кожнага свае амбіцыі, свой погляд і свой гарод”.

Хлопец: “Калі яны прымуць правільнае рашэньне, то кардынальныя зьмены ў беларускай апазыцыі магчымыя. Трэба яднацца з Эўропай і каб дэмакратычнымі сіламі кіраваў адзіны лідэр”.

Спадар: “Ну, калі зьбяруцца, можа, і знойдуць агульнае рашэньне. Дзеля гэтага, відаць, і зьбіраюцца”.

Хлопец: “Напэўна, не. Няма ад іх ніякай канкрэтнай карысьці”.

Спадар: “Можа і паўплывае, хто ведае. Але па мне, што апазыцыя, што не апазыцыя — усё гэта барацьба за ўладу”.

Карэспандэнт: “Ці паўплывае правядзеньне Кангрэсу на становішча ў беларускай апазыцыі?”

Спадарыня: “Думаю, не, бо ў нас слабая апазыцыя. Не праяўляе сябе на палітычнай арэне. Таму на наступныя пяць гадоў гэта не паўплывае на апазыцыю”.

Спадарыня: “Мне здаецца, наўрад ці. Каб змагацца з уладай, трэба аб’яднацца, патрэбны моцны лідэр у апазыцыі. А яго няма”.

Спадар: “Ня ўдасца нічога. Проста не дадуць”.

Спадар: “Думаю, не. Апазыцыя даўно сябе вычарпала ў тым выглядзе, у якім яна існуе. Трэба зь людзьмі працаваць, браць на ўзбраеньне вопыт бальшавікоў. Як Ленін ды іншыя працавалі, а ня ладзіць усялякія кангрэсы і езьдзіць на паклон на Захад. Народ гэтага не любіць. Трэба людзей неяк пераконваць.А так, гэта ўсё пустое”.