Віцебск: БНФ прапануе ўшанаваць памяць ахвяраў рэпрэсій

Радыё Свабода Віцебская гарадзкая арганізацыя БНФ “Адраджэньне” прапануе стварыць мэмарыяльны запаведнік у лесе каля вёскі Паляі Віцебскага раёну.
Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў, тут у 1937-1941 гадах НКВД масава расстрэльваў людзей.

Актывісты накіравалі зварот з такой прапановай старшыню Віцебскага райвыканкаму Івану Вазьміцелю.

У звароце выказанае пажаданьне, каб частку працы дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў раённыя ўлады ўзялі на сябе — у прыватнасьці, каб на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Лёзна паставілі ўказальнік “Мэмарыял Паляі”.

Прадстаўнікі Партыі БНФ прапануюць адміністрацыі Віцебскага раёну дапамагчы ў зборы ўспамінаў сьведкаў, іншых гістарычных матэрыялаў па гэтай тэматыцы. Яны таксама мяркуюць выдаць брашуру пра трагічныя падзеі ў гэтых мясьцінах.