В.Шалкевіч выступіў на канцэрце супраць разбурэньня старой Горадні

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ўвечары ў Горадні адбыўся першы канцэрт пад лёзунгам “Музыкі —супраць разбурэньня Горадні”. Сабралася каля 170 слухачоў, перад якімі выступіў Віктар Шалкевіч.
Бард гаворыць, што далучыўся да кампаніі ў абарону Старой Горадні, бо давярае меркаваньням яе ініцыятараў, такіх як доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Свой горад, у якім Віктар жыве 27 гадоў, ён успрымае безь сьляпой любові: разумее яго слабыя і моцныя бакі. Напісаць песьню пра старую архітэктуру ня так проста, гаворыць ён. Вось аднойчы ў яго атрымаўся тэкст пра Горадню, над якой на шпіцах Фарнага касьцёлу — анёлы з трубамі, і над якой падае дождж...

З наступным канцэртам у абарону Старой Горадні мае выступіць Кася Камоцкая, – пра гэта паведаміў Павал Мажэйка.

Што датычыць уладаў, яны пакуль прыпынілі рэканструкцыю гістарычнай забудовы. У радыёперадачах, у афіцыйнай прэсе спрабуюць пераканаць гараджан, што рэканструкцыя адпавядае Генэральнаму пляну разьвіцьця гораду і адбываецца без парушэньняў.