Труба ў абыход Беларусі

Радыё Свабода Прэм`ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў падпісаў загад аб будаўніцтве другой чаргі Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы, якая дазволіць цалкам адмовіцца ад транзыту нафты празь Беларусь і Польшчу ў Эўразьвяз праз нафтаправод "Дружба".
Пра гэта паведаміла сёньня прэсавая служба расейскага ўраду.

Міністэрству энэргетыкі разам з кампаніяй "Транснафта" даручана забясьпечыць ва ўсталяваным парадку падрыхтоўку неабходнай для будаўніцтва БТС-2 дакумэнтацыі, а “Росстрою” – правесьці дзяржаўную экспэртызу гэтай дакумэнтацыі.

Праведзены Міністэрствам энэргетыкі і кампаніяй “Транснафта” аналіз паказаў, што аптымальным кірункам пераарыентацыі экспартных патокаў зьяўляецца порт Прыморск у Ленінградзкай вобласьці, які валодае неабходным патэнцыялам перавалачных магутнасьцяў. Гэты маршрут забясьпечвае магчымасьць непасрэдных паставак нафты ў марскія парты эўрапейскіх краін-імпартэраў.

Магутнасьць новага адгалінаваньня Балтыйскай трубаправоднай сыстэмы ад Унечы ў Бранскай вобласьці на мяжы зь Беларусьсю да Прыморску складзе 50 мільёнаў тонаў нафты за год.