Улады не дазваляюць пратэставаць супраць адмены льготаў

Радыё Свабода Актывісты моладзевых арганізацыяў атрымалі адмову ад чыноўнікаў Менгарвыканкаму на заяўку аб правядзеньні акцыі супраць скасаваньня льготаў 20 траўня на плошчы Бангалор. У адказе чыноўнікі паведамілі, што менавіта ў гэты дзень, у нядзелю а 5-й вечара, на плошчы будзе весьціся прыбіраньне тэрыторыі, а таксама “рамонт паркавай тэхнікі”.
Тым часам у інтэрнэце прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў, арганізацыяў прадпрымальнікаў і інвалідаў заклікаюць людзей прыйсьці на плошчу Незалежнасьці 20 траўня а 12-й гадзіне, каб выказаць сваё стаўленьне да заплянаванага скасаваньня льготаў.

Учора Гомельскія ўлады адмовілі актывістам дэмакратычных сілаў у правядзеньні мітынгу супраць адмены льготаў.

Заяўку на пікетаваньне Дому ўраду супраць скасаваньня льготаў падалі ў Менгарвыканкам сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган, лідэр жаночай партыі “Надзея” Алена Яськова, першы сакратар ЦК ЛКСМБ Дзьмітры Яненка. Пікет мае прайсьці 1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей.


Гл. таксама: Льготы пачнуць касаваць ужо праз тыдзень