Гарадзенцы — пра “Пагоню” і бел-чырвона-белы сьцяг

Сяргей Астраўцоў, Горадня Дванаццаць гадоў таму ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, па якім скасавалі дзяржаныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню. Як вы лічыце: ці варта вярнуць нацыянальныя сымболі? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.


Спадар: “Іх абавязкова трэба вярнуць, бо гэта нашыя нацыянальныя сымбалі, якія адлюстроўваюць беларускую гісторыю, і неабходна, каб яны былі менавіта дзяржаўнымі”.

Сталы спадар: “Усё вяртаецца на кругі свае, разьвіцьцё адбываецца па сьпіралі. Забытыя каштоўнасьці некалі будуць успрынятыя зноў, і ўсе людзі прыйдуць да згоды. Герб “Пагоня” нешта ж увасабляў усё-ткі, нейкія думкі, надзеі. Таму — навошта вынаходзіць кола?”

Спадар: “Я ўвогуле не ўспрымаю цяперашнія герб, сьцяг, таму я хацеў бы ўсё-такі, каб нашая сымболіка была такой, якой яна была здаўна, такой, якой яна павінна быць. Я працаваў у 1995 годзе на камбінаце “Мастацтва”, трэба было рабіць новыя сьцягі, шмат замоваў было — у кожным будынку, у кожным кабінэце мянялі герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сьцяг на цяперашнія. Кожны кіраўнік хацеў заставацца ў сваім крэсьле, і ўсё мянялася вельмі хутка, і выдадзена было шмат сродкаў”.

Маладзён: “Герб той быў нядрэнны — зь вершнікам, але ён і сёньня існуе, мы ведаем пра яго. Хаця і цяперашні герб таксама нядрэнны. І калі ёсьць новы, навошта вяртаць “Пагоню”, баламуціць людзей?”

Спадар: “Канечне, трэба вярнуць бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”, бо яны — гістарычныя сымбалі, тут пытаньняў проста быць ня можа”.

Малады спадар: “Вярнуць “Пагоню”? Дык у Літве ж ёсьць тое самае —“Пагоня”. Атрымліваецца, дзьве дзяржавы з аднолькавым сымбалем? Хаця мне самаму “Пагоня” падабаецца больш, чым цяперашні герб, які — ні лой ні масла. Але каб вярнуць “Пагоню”, гэта не ад аднаго мяне залежыць, залежыць ад народу: захоча ён гэтага ці не?”

Маладая спадарыня: “Я, натуральна, за тое, каб сьцяг бел-чырвона-белы вярнулі назад, і за тое, каб вярнулі адзнаку нашай дзяржавы — нацыянальны герб “Пагоня”.

Сталая спадарыня: “Мне больш падабаўся той сьцяг, бел-чырвона-белы, ён усё ж адпавядаў гістарычным традыцыям дзяржавы. У мяне нават захаваліся ўзнагароды з той сымболікай, што была напачатку дзевяностых, мне яна вельмі падабаецца. Трэба вяртаць тое, што было, гэта нашыя карані”.