У дэмакратычнай кааліцыі будзе пяць сустаршыняў

Уладзімер Глод, Менск Так вырашылі дэлегаты рэгіянальных канфэрэнцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. І нават сытуацыя ў Магілёўскай вобласьці, дзе на паседжаньні не было кворуму, ня можа паўплываць на канчатковае рашэньне.
“Нават калі ў Магілёве адбудзецца кансалідаванае галасаваньне, яно ўжо ня можа зьмяніць агульную карціну, -- сказаў у інтэрвію Радыё Свабода лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін. – Мы разглядаем такую магчымасьць – захаваць вынікі галасаваньня ў Магілёве тых дэлегатаў, хто там галасаваў, ды правесьці дадатковае галасаваньне для тых, хто гэтага не зрабіў у суботу”.

Такім чынам, удзельнікі рэгіянальных канфэрэнцыяў выказаліся за інстытут сустаршынёўства. Гэтыя функцыі будуць ускладзеныя асабіста на Вінцука Вячорку, Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзьку, Анатоля Ляўковіча і Аляксандра Мілінкевіча.

Мяркуецца, што ўжо на першым паседжаньні новага складу Палітычнай рады за кожным зь іх будуць замацаваныя канкрэтныя кірункі працы.