“Інвалід павінен быць удзячны, і ня дай Бог выкажа якое нездавальненьне”

Віталь Цыганкоў, Менск Чаму праблемы паўмільёна беларускіх інвалідаў ня вельмі цікавяць беларускіх чыноўнікаў і ўвогуле ўсё грамадзтва? Ці не парушае правы чалавека намер уладаў скасаваць ільготы інвалідам? Гэты ды іншыя тэмы абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза “Свабоды” старшыня Цэнтральнай рады “Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў” Сяргей Драздоўскі і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька.
“У савецкай краіне (а нашы людзі яшчэ шмат у чым савецкія) інвалідаў “не было”

Цыганкоў: “Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі колькасьць інвалідаў, якія стаяць на ўліку ў дзяржаўных структурах, перавышае 509 тысяч чалавек. З году ў год колькасьць інвалідаў у Беларусі расьце. Але, у адрозьненьне ад заходнеэўрапейскіх краінаў, мы ня бачым гэтых людзей на вуліцах, на працоўных месцах, у крамах. Іхніх праблемаў як бы не існуе ў грамадзкай сьвядомасьці. Хто ў гэтым вінаваты – улада ці само грамадзтва і што трэба зрабіць?”

Драздоўскі: “Думаю, і ўлада вінаватая, і грамадзтва. Бо, паводле аднаго з сацыялягічных дасьледаваньняў, каля 40 працэнтаў упамінаньняў у прэсе пра інвалідаў зусім беспрадметныя. Таму і складваецца ўражаньне, што мала кажуць і ня так, і не пра тое. То бок згадваньне ў прэсе пра інвалідаў не вяло ні да якай мэты. Журналісты не знаходзілі ніякай праблемы і не шукалі выхаду з сытуацыі”.

Цыганкоў: “Ці часта вы сустракаецеся з нэгатыўным стаўленьнем? Ці ёсьць людзі, якія да вас ставяцца, як да тых, хто адбірае кавалак пірага – маўляў, вы атрымліваеце зашмат ільготаў?”

Драздоўскі: “Ёсьць і такое. Дакладней, ёсьць такая пазыцыя, што вы, інваліды – дармаеды ў грамадзтве, якіх кормяць іншыя. Гэта прыйшло да нас яшчэ зь сярэдніх вякоў. Але цяперашняе грамадзтва зусім іншае – інваліды часта і зарабляюць больш, і прыносяць грамадзтву карысьці больш. Але для гэтага проста трэба стварыць умовы”.

Цыганкоў: “Тацяна, з праваабарончага пункту гледжаньня чаму беларускае грамадзтва недастаткова зьвяртае ўвагі на праблемы інвалідаў?”

Процька: “Найперш я хачу зірнуць на гэтую праблему як гісторык. У савецкай краіне (а нашы людзі яшчэ шмат у чым савецкія) інвалідаў “не было”. Гэта была тая тэма, пра якую гаварыць было сорамна. І гэта засталося. Сёньня чалавек пра сваю інваліднасьць саромеецца гаварыць, бо ён адчувае сваю непатрэбнасьць грамадзтву – тое, што ён нібыта карыстаецца дабротамі грамадзтва і не зарабляе іх. Гэта адна праблема, маральная.

Іншая праблема – простая, матэрыяльная. Да нас у БХК зьвяртаецца шмат інвалідаў, і адзін зварот мяне асабліва ўразіў. Чалавек прасіў яго забіць. “Я сам гэтага не магу, але дайце мне такую магчымасьць, бо я не магу больш так жыць”. Ён ня мог сам выходзіць з сваёй кватэры, хаця ён меў кампутар, то бок адносна іншых людзей быў няблага забясьпечаны. Але нават у такім стане ён прасіў, каб далі яму магчымасьць пайсьці з жыцьця.

Калі да нас зьвяртаюцца маці, у якіх дзеці-інваліды – гэта наагул жахліва. Як правіла, бацька сыходзіць зь сям’і, дзе дзеці хворыя. І жанчына застаецца адна з сваім горам. Яна адна, і яна павінна неяк зарабляць. А дзе, як? Дзіцячых садкоў, дзе даглядаюць дзяцей-інвалідаў так, як належыць, вельмі няшмат”.

“У нас лічыцца, што дзяржава дорыць гэта як нейкі падарунак”

Цыганкоў: “Адміністрацыя прэзыдэнта і Міністэрства аховы здароўя выступілі ініцыятарамі скасаваньня шэрагу льготаў для інвалідаў. Што гэта за льготы і наколькі яны для вас важныя?”

Драздоўскі: “У законе быў артыкул, што інваліды першай і другой групы маюць права на пазачарговую устаноўку тэлефона. Цяпер гэта выразаецца. На сустрэчы з спадарыняй Пяткевіч было заяўлена, што ўсе інваліды ўжо маюць тэлефон. Нібыта такіх інвалідаў больш ня зьявіцца.

Другое. Дзяржава забясьпечвае інвалідаў тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. Аўтамабілі, вазкі, парэнчы, іншае. І тут скарачэньне, напэўна, пачнецца з аўтамабіляў, як з самага дарагога, і дойдзе, магчыма, да самых дробязяў, якія захочуць адабраць.

На Захадзе права інвалідаў – гэта неадымная частка звычайных правоў чалавека, тое, што ён набывае ад нараджэньня. У нас лічыцца, што дзяржава дорыць гэта як нейкі падарунак. І ён за гэта павінен быць удзячны, і ня дай Божа выкажа недзе якое нездавальненьне”.

Процька: “Нармальная дзяржава павінна клапаціцца пра ўсіх сваіх грамадзянаў, а найперш пра тых, у каго абмежаваныя магчымасьці. Ува ўсіх цывілізаваных так і ёсьць. Але ў Беларусі ўсе пераварочваецца – бярэцца нейкі аспэкт жыцьця дэмакратычнай і багатай краіны і гаворыцца: “А ў іх ільготаў няма”. “Тады і ў нас трэба скасаваць”! І ня ўлічваецца, што там дзяржава прадугледжвае шэраг іншых магчымасьцяў для людзей такіх катэгорыяў, каб яны маглі радавацца жыцьцю і магчымасьцям сучаснай цывілізацыі.”

“Мне здаецца, усе шчырыя людзі нас падтрымаюць”

Цыганкоў: “Наколькі палітызаваным можа быць пратэст інвалідаў? Здаецца, падчас акцыі ў суботу вы імкнуліся пазьбягаць выключна палітычных лёзунгаў?”

Драздоўскі: “Што такое палітыка? Гэта ня проста барацьба за ўладу, гэта будаўніцтва нашага жыцьця. Мы настойліва спрабуем данесьці думку, што існуючая сыстэма сацыяльнай абароны – ня толькі недасканалая, але рэгрэсуе, коціцца назад. Таму мы вымушаныя ўсё больш настойліва пра гэта заяўляць”.

Цыганкоў: “Хто можа стаць саюзьнікам у вашай барацьбе? Палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі, праваабаронцы?”

Драздоўскі: “Мне здаецца, усе шчырыя людзі нас падтрымаюць. Гэтыя зьмены ў заканадаўства – вузка карпаратыўныя ведамасныя інтарэсы. Калі агучылі, колькі дзяржава зэканоміць на адмене льготаў, – то гэты лічбы, вартыя сьмеху. Дзяржава можа яе вытрымаць. Але яны заявілі, што трэба адыходзіць ад ільготаў – і кропка. Не замяняючы іх ніякімі сацыяльнымі інструмэнтамі. Што, вядома, выглядае па-дзікунску для цэнтральнаэўрапейскай краіны”.

Процька: “Наша грамадзтва наагул не разумее праблем людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Калі прыходзіць у сям’ю гора, тады разумеюць. Але ж дзяржаўныя людзі павінны дбаць пра гэта. Але, на жаль, сёньня чыноўнікі пачынаюць думаць як абывацелі. Гэта вельмі насьцярожвае. Так не павінна быць”.