Лукашэнка патрабуе зьмены сыстэмы льготаў

Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў найбліжэйшым часам вырашыць пытаньне, зьвязанае з упарадкаваньнем сацыяльных ільготаў. Пра гэта паведаміла прэсавая служба кіраўніка Беларусі па выніках яго сустрэчы з Натальляй Пяткевіч – намесьніцай кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі, якая курыруе прыняцьце закону аб ільготах.
Паводле прэсавай службы, Пяткевіч далажыла кіраўніку дзяржавы аб ходзе разгляду законапраекту, які “выклікаў у грамадзтве вялікі рэзананс, і не заўсёды гэта станоўчы рэзананс”.

“Але сыстэма льготаў, створаная яшчэ за савецкім часам, ня можа не мяняцца, асабліва ў цяперашніх эканамічных умовах. Ня можа лічыцца нармальнай сытуацыя, калі больш за палову насельніцтва краіны – ільготнікі”, – заяўляе прэсавая служба Лукашэнкі.

Яна таксама паведамляе, што кіраўнік дзяржавы разам з прыняцьцем закону аб упарадкаваньні льготаў даручыў распрацаваць праект указу аб адраснай сацыяльнай дапамозе, дзе павіны быць прапісаны “дакладны мэханізм аказаньня дапамогі тым, каму яна сапраўды патрэбная”.