Наваполацак: уначы быў затрыманы Аляксей Трубкін

Радыё Свабода Сёньня а першай гадзіне ночы ў Наваполацку на вуліцы Маладзёжнай быў затрыманы грамадзкі актывіст Аляксей Трубкін. Міліцыянты абвінавацілі яго ў расклейваньні налепак “антыдзяржаўнага характару”.
Аляксея Трубкіна даставілі ў пастарунак, правялі асабісты надгляд, але наклеек не знайшлі. Потым цягам гадзіны з затрыманым гутарыў малады чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ. Яго цікавіла кола знаёмстваў Аляксея Трубкіна і абставіны вучобы ў Польшчы.

Аляксей Трубкін зьяўляецца студэнтам-каліноўцам і вучыцца на філялягічным факультэце Беластоцкага ўнівэрсытэту.

Пасьля прафіляктычнай гутаркі, у 2 гадзіны 30 хвілін, міліцыянты падвезьлі затрыманага да ягонага дому.