Расейскі дыплямат ў Нігерыі: “Ніхто яшчэ ня высунуў патрабаваньняў адносна скрадзенай беларускай грамадзянкі.”

Радыё Свабода, Прага У Нігерыі ў суботу была скрадзеная невядомымі захопнікамі грамадзянка Беларусі. Раней паведамлялася, што яна – грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі, але амбасада РФ у Нігерыі абвергла гэтую інфармацыю.
Закладніцу захапілі ў горадзе Порт-Харкорт. Паводле агенцтва Reuters, яна зьяўляецца адным з кіраўніком кампаніі, якая займаецца забесьпячэньнем нафтавай здабычы. Рэспубліка Беларусь ня мае ў Нігерыі дыпляматычнага прадстаўніцтва.

На тэлефоннай сувязі з Нігерыі – Віктар Ганчароў, дарадца амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя.

(Ганчароў: ) Цяпер мы высьвятляем сытуацыю. Гэта грамадзянка Беларусі, завуць яе Ірына, прозьвішча Экпа-Умо.

(Карэспандэнт: ) А колькі ёй гадоў?

(Ганчароў: ) Прыблізна 45.

(Карэспандэнт: ) А ці вядома нешта пры абставіны яе захопу, і дзе яна цяпер?

(Ганчароў: ) Вы самі разумееце, што сёньня нядзеля, а захоплена, скрадзена яна была ўчора, невядома кім. Ніхто яшчэ ніякіх патрабаваньняў ня высунуў адносна гэтага. Так што вось высьвятляем сытуацыю, пакуль удалося высьветліць яе імя і прозьвішча. Яна замужам за грамадзянінам Нігерыі. Я так думаю, што беларускі бок дэлегуе нам правы займацца гэтай справай. Мы ўжо робім пэўныя захады адносна яе лёсу, але ўсё ускладняецца тым, што выходны дзень і цяжка знайсьці людзей у нігерыйскіх установах, якія адказваюць за гэтую тэму. Мы пакуль ня ведаем абставінаў справы, усё трэба больш канкрэтна вывучыць, каб была поўная карціна."