Барыс Гарэцкі атрымаў пазоў у суд

Радыё Свабода Прэсавы сакратар Маладога фронту Барыс Гарэцкі атрымаў пазоў у суд Савецкага раёну на 8 траўня.
Паводле актывісткі Маладога фронту Насты Палажанкі, чакаецца, што ў судзе будзе прызначана дата судовага паседжаньня. Крымінальную справу супраць сяброў арганізацыі будзе весьці іншы судзьдзя – Аніскевіч. Паводле Н.Палажанкі, папярэдні судзьдзя адмовіўся весьці гэту справу.

У крымінальнай справе па артыкуле 193-1 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) абвінавачваюцца пяцёра чалавек – Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі і Барыс Гарэцкі.

Паводле праваабарончага цэнтру “Вясна”, крымінальны перасьлед маладзёнаў распачаў капітан УКДБ па Менску Дзьмітрый Сьвістун, пад кіраўніцтвам якога адбылося затрыманьне Цэнтральнай рады Маладога фронту 4 лютага. Па ягоным загадзе тады Зьміцер Хведарук і Алег Корбан былі зьмешчаныя ў СІЗА.

Пасьля гэтага справа была перададзеная ў Менскую пракуратуру, дзе сьледчы Сяргей Грахоўскі дапытаў боль за сто сьведкаў, прымушаючы людзей даваць паказаньні супраць сваіх сяброў.