Наступная онлайн-канфэрэнцыя - са старшынёй БАЖ Жанай Літвіной

Радыё Свабода Напярэдадні Усясьветнага дня свабоды друку, у сераду 2 траўня а 13-ай гадзіне паводле менскага часу ў Інтэрнэце адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя са старшынёй Беларускай Асацыяцыі журанлістаў (БАЖ) Жанай Літвіной.
Жана Літвіна нарадзілася 30 жніўня 1954 году, скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала галоўным рэдактарам Галоўнай рэдакцыі вяшчаньня для моладзі (да 1994 ), Генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства “БМ Інфарм”. З 1995 узначальвае БАЖ.

У інтэрвію Свабодзе Жана Літвіна сказала:

“Тая сытуацыя, якая існуе ў інфармацыйнай прасторы, не мяняецца ўжо цягам некалькіх гадоў, калі дзяржаўныя СМІ занятыя абслугоўваньнем улады, а недзяржаўныя перажываюць складаны пэрыяд. Існуе забарона на распаўсюд праз падпіску, праз продаж у кіёсках, забарона на друкаваньне для шэрагу выданьняў...

Але трэба адзначыць, што мы бачым разьвіцьцё Інтэрнэту, зьяўленьне новых сайтаў, прыход абсалютна новай генэрацыі маладых людзей, якія валодаюць новымі тэхналёгіямі і якія сябе прафэсійна пачуваюць у Інтэрнэце. Пры гэтым, БАЖ лічыць сябе абавязаным шмат што зрабіць для падвышэньня іх прафэсійнай адукацыі.

Мы таксама спрыяем малатыражнаму друку, незарэгістраваным выданьням, якія бяруць на сябе шмат па распаўсюду інфармацыі. А на будучыню мэта – гэта адлучэньне дзяржавы ад СМІ, дэманапалізацыя прэсы”.