Магілёў: ахвяраў Чарнобылю згадвалі на двух мітынгах

Радыё Свабода У Магілёве адбыліся два мітынгі — афіцыйны й альтэрнатыўны, які арганізавала аб’яднаная апазыцыя. Абодва прайшлі на гарадзкіх ўскрайках. Афіцыйны — на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны, альтэрнатыўны — блізу найвялікшых гарадзкіх могілак. У Магілёве пра гадавіну чарнобыльскай катастрофы нічога не нагадвала. Сёлета ня вывесілі нават сьцягоў з жалобнымі стужкамі.
На абодвух мітынгах прысутнічала дэлегацыя амэрыканскай амбасады на чале з дарадцам і намесьнікам кіраўніка місіі Джонатанам Мурам. Вось што сказаў “Свабодзе” спадар Мур:

“Па-першае, дазвольце мне зазначыць, што ўвесь сьвет адзначае 26 красавіка як дзень, які шмат значыць для Беларусі. Ад таго моманту, як амэрыканская амбасада была адкрытая ў Беларусі, яна адразу пачала дапамагаць пацярпелым ад катастрофы.

Паколькі Магілёў адзін з буйных гарадоў Беларусі й знаходзіцца ў тых мясьцінах, якія пацярпелі ад Чарнобылю, амбасадарка Ст’юарт і я вырашылі, што лепей мне сюды прыехаць у гэты жалобны дзень. Для мяне гэта першы візыт у Магілёў, мяне чакае шмат сустрэчаў, а потым я вярнуся ў Менск”.

На афіцыйны мітынг сабраліся збольшага школьнікі. Прыйшлі на мітынг ушанаваць памяць ахвяраў чарнобыльскай трагедыі й прадстаўнікі магілёўскай аб’яднанай апазыцыі. Яны ўсклалі да помнага знаку кветкі.

З прамовай мітынгу выступіў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў, які параўнаў наступствы чарнобыльскай трагедыі з наступствамі Другой усясьветнай вайны:

“Аналіз структуры захворваньняў жыхароў вобласьці паказвае складаны стан іхнага здароўя. Усё часьцей адзначаюцца хранічныя захворваньні. Ня можа не турбаваць амаладжэньне хваробаў эндакрыннай сыстэмы й анкалягічных захворваньняў”.

На альтэрнатыўны мітынг, што арганізавала аб’яднаная апазыцыя, прыйшло больш за сорак чалавек.



Распачаў мітынг ксёндз Магілёўскага касьцёлу сьвятога Станіслава айцец Раман:

“Памолімся ўсе разам за нашых братоў, сясьцёр — ахвяраў Чарнобылю словамі, якімі нас навучыў пан наш Езус. Ойча наш, які ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзённы дай нам сёньня і адпусьці нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым. Ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога”.

Мітынг скончыўся “Магутным Божа” ды навязваньнем чорных стужак са знакам “Радыяцыя” на Крыж памяці па ахвярах Чарнобылю.