Ворша: улады не дазволілі праводзіць шэсьце да ўгодкаў Чарнобыля

Радыё Свабода, Ворша Як паведаміў аршанскі моладзевы актывіст Ігар Казьмярчак, заяўка ў гарвыканкам была пададзеная з разьлікам, каб правесьці акцыю 28-га красавіка. Яе меркавалі прысьвяціць праблеме будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі новай АЭС і чакалі, што ў выходны дзень да шэсьця мясцовых дэмакратаў далучыцца шмат гараджанаў.
Гарвыканкам адмовіў актывістам у правядзеньні шэсьця на той падставе, што яны папярэдне не дамовіліся зь міліцыяй ды камунальнымі службамі пра ахову правапарадку і прыборку тэрыторыі пасьля акцыі.

Замест шэсьця аршанскія ўлады прапанавалі мясцовым дэмакратам правесьці мітынг на гарадзкім стадыёне. Прычым дамовы зь міліцыянтамі ды камунальнікамі ў гэтым выпадку былі б нібыта непатрэбныя.

Паводле Ігара Казьмерчака, арганізатары не пагадзіліся мяняць фармат правядзеньня акцыі, бо ўжо былі падрыхтаваліся да іншага. Цяпер у Воршы распаўсюджваюць улёткі, каб інфармаваць гараджанаў, зь якой прычыны не адбудзецца "чарнобыльская" акцыя.