І.Нікітчанка на онлайн-канфэрэнцыі: "Забруджаныя прадукты харчаваньня возяць і ў “чысты” Менск"

Радыё Свабода Сёньня на нашым сайце адбылася онлайн-канфэрэнцыя з членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі, старшынём аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Іванам Нікітчанкам. Чытайце тэкст онлайн-канфэрэнцыі на старонцы svaboda.org/forum --> http://archive.svaboda.org/forum/Forum.aspx
Нікітчанка Іван Мікалаевіч нарадзіўся 10 студзеня 1939 г. у вёсцы Горыцы Пагарскага раёну Бранскай вобласьці (Расея). Скончыў Віцебскі вэтэрынарны інстытут (1960), доктар сельскагаспадарчых навук (1979), прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі (з 1986). Ляўрэат дзяржаўнай прэміі СССР (1982). У пачатку 1990-х гадоў уваходзіў у склад ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у ВС 12-га скліканьня.

Узначальвае Аргкамітэт па правядзеньні “Чарнобыльскага шляху – 2007”.

У інтэрвію Радыё Свабода Іван Нікітчанка сказаў: “Да ідэі будаўніцтва АЭС у Беларусі я стаўлюся вельмі адмоўна. Бо тыя 20 адсоткаў, што зьбіраюцца атрымаць празь яе будаўніцтва, можна атрымаць іншым шляхам. Найперш, праз мадэрнізацыю тэхналёгіяў. У адным толькі аграрным сэктары мы можам значна больш зэканоміць энэргіі, чым дасьць АЭС. І такая мадэрнізацыя вывела б нашу сельскую гаспадарку на патрэбны ўзровень і зрабіла б яе канкурэнтаздольнай.

А што да адносінаў Лукашэнкі да Чарнобыля, дык ён займаецца турызмам. Прыедзе ў зону, пагаворыць, нейкія праграмы прадставіць, – але нічога ня робіцца. “Чарнобыльскі шлях” мы правядзем абавязкова”.