Як цяпер жывецца ў чарнобыльскіх вёсках?

Міхал Стэльмак, Менск Жыхары вёсак, якія патрапілі пад радыяцыйнае забруджваньне, скардзяцца на няўвагу дзяржавы да іх сацыяльна-эканамічных праблем.
У Нараўлянскім раёне зона радыяцыйнага забруджаньня ахоплівае дзесяткі паселішчаў. У вёсцы Кіраў шчыльнасьць радыенуклідаў ад 15 да 40 кюры. Тут каля 400 жыхароў. Як ім жывецца? Паштарка Марыя Сазанчук:

“Жывецца ня вельмі добра. Вось наш Кіраў наагул усе забылі. Вёска прыйшла ў заняпад. Гэта зьвязана з Чарнобылем. З агародаў ядзім. Зь лесу мая сям’я апасаецца. Таму што там у грыбах і ягадах вялізная радыяцыя. Некаторыя ядуць і дзічыну, і рыбу. На што грошай хапае – тое купляем. Таму што ільгот няма ў нас абсалютна аніякіх”.

У Кіраве ёсьць пошта, амбуляторыя, школа, у якой каля сотні дзяцей. У вёсцы Габрылееўка, якая месьціцца непадалёк ад мяжы з Украінай,– каля 40 чалавек. Пэнсіянэрка Галіна Ломаць расказвае:

“Мы тут жывём – адны старыя. А моладзь уся выехала. Тут у нас толькі адна сям’я, у якой дзеці ходзяць у школу. Муж працуе ў лясьніцтве. А жонка – дома. Дзе ж яна будзе рабіць? У нас няма ніякай працы. Ніякіх ільгот па Чарнобылю мы не атрымліваем. Хаця ад нас вельмі блізка той Чарнобыль. Чамусьці кажуць, што наша вёска не падышла пад адсяленьне. Але якія прадукты не правяраць, то ўсе яны нягодныя”.

Пацярпела ад чарнобыльскай радыяцыі й вёска Галоўчыцы. Натальля Крычэўская прадстаўляе мясцовую ўладу – працуе тут у выканкаме сельсавету:

“Моладзі ў нас вельмі мала. Хаця і зрабілі аграгарадок, але пакуль да нас моладзь не пацягнулася. Заробкі маленькія ў гаспадарцы. Вось у чым праблема. Жыць тут ня хочуць – у нас ільгот аніякіх. Тых выплат, што былі раней няма – усё ўжо адменена”.