Чэрвень, алея памяці...

Міхал Стэльмак, Менск У Чэрвені, раённым цэнтры Менскай вобласьці, наш карэспандэнт наведаў алею памяці ў і месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Цыгановіч: “Алеі ў нас былі. Там, на плошчы. А цяпер усё павыразалі. Узьвялі пабудовы – і ўсё”.

Гэта пэнсіянэрка Марыя Цыгановіч. Зь ёй я разгаварыўся на ўезьдзе ў Чэрвень. Ад ускрайку паселішча рухаюся ў цэнтар.

Плошчай тут называюць цэнтар гораду, пляцоўку перад будынкам райвыканкаму.

Цяпер на пляцы ў Чэрвені застаўся толькі помнік Леніну.

Сьвятар мясцовай эвангельскай царквы Міхаіл Глушко ўпэўнены, што стаяць на плошчы засталося нядоўга:

“Кажучы пра тое, каб чалавека ўзвышаць і ўвекавечваць яго імя, Біблія гэта катэгарычна забараняе. Я веру, што Ленін будзе зьняты не толькі з плошчы Чэрвеня, але і з плошчы, што ля Дома ўраду”.

Да помніка Леніна вядзе закінутая алея. Я крочу па ёй і заўважаю, што тут няма і паловы лавак, а ў ліхтарах выбітыя лямпачкі. У цэнтры алеі – разламаны фантан.

Жыхар Чэрвеня спадар сярэдняга веку Віктар добра памятае, як выглядала гэтае месца ў савецкія часы:

“Тут, дзе стаіць “белы дом”, тут стаяў будынак сельгасупраўленьня. Быў стары Ашчадны банк. Там, дзе машына стаіць, відаць белыя таблічкі – усе перадавікі віселі. “Можа яны ўжо непатрэбныя?! Перадавікоў не стала ў нас. Толькі ў газэце”.

Карэспандэнт: “У Чэрвені былі алеі?”

“Там вунь, дзе плошча. Алеі, помнікі стаялі: Сталіну, Леніну, камсамольцам, воіну”...

Я размаўляю з краязнаўцам, былым настаўнікам, пэнсіянэрам Уладзімерам Дарагужам:

“Гэтая алея была пракладзена ў сярэдзіне 80-х гадоў. Там зрабілі фантан, ён не дзейнічаў. Засыпалі—зрабілі клюмбу. Потым у 80-я гады зрабілі новы фантан – сьвятломузычны. Але ён “біўся” токам, яго спынілі, людзі абадралі абліцоўку. На гэтым вось месцы, дзе мы стаім, быў першы цагляны будынак. Там стаяла царква. У 30-я гады яе зьнішчылі. Вось тут былі могілкі сьвятароў”.

А зараз з Уладзімерам Дарагужам мы знаходзімся на ўскрайку Чэрвеня ва ўрочышчы Цагельня. Тут у часы сталінскіх рэпрэсіяў расстралялі болей за 4 тысячы чалавек.

“Я памятаю, адсюль, з гэтага боку – чэргі, чэргі, чэргі “энкавэдзістаў”. Карацей, уся гэтая дарога была засланая трупамі. І асабліва шмат трупаў было на ўзьлеску”.

Уладзімер Дарагуж і мастак Чэрвеньскага дому культуры Генадзь Матусевіч у 1989 годзе адшукалі гэтае месца. Навялі тут парадак. Генадзь Матусевіч выразаў з дрэва скульптуры ў памяць пра расстраляных.

Цяпер на свае вочы я бачу раскіданае сьмецьце і пустыя бутэлькі ад алькагольных напояў.

Спадар Дарагуж кажа, што ўвесну жыхары Чэрвеня выбіраюцца ва ўрочышча на шашлыкі.

Пасьля такіх пікнікоў краязнаўца прыбірае сьмецьце. Але чысьціня трымаецца нядоўга. Да наступных выходных.