Аблога 16 красавіка

Зьміцер Падбярэскі, Менск Аблога 16 красавіка.
Увечары 16 красавіка прадстаўнікі тэхнічнай службы сэрвэру www.3dway.org паведамілі ў суполцы Жывога журналу minsk_by, што хакеры, Hack3d by AntiOppositionForce {AntiPartizan}, сьцёрлі на гэтым сэрвэры сайты www.3dway.org, www.belzhaba.com, www.multclub.org, www.democraticbelarus.eu, www.belarusy.eu, і старонку www.politoboz.com Андрэя Суздальцава ды іншыя.

"Відаць, выйшаўшы на працу ў панядзелак, нашыя "калегі" ў органах бясьпекі азадачыліся лёсам спадара Воўчака і чысьцінёй мундыру палкоўніка Падабеда і вырашылі іх маральна падтрымаць, — пракамэнтавалі здарэньне прадстаўнікі Трэцяга шляху. — Мы ня будзем аднаўляць сайты адразу ў поўным аб’ёме, сьпярша прааналізуем іх абарону і будзем уключаць адзін па адным, пераканаўшыся, што яны абароненыя”.

Раней мы паведамлялі, што “Трэці шлях” спыніў тэхнічную падтрымку сайту Аляксандра Казуліна. На старонцы kozylin.com зьявіўся тэкст: “Цераз частыя скаргі на сыстэматычны спам з адрасоў сайту kozylin.com ды шэраг іншых праблемаў служба тэхнічнай падтрымкі інтэрнэт-суполкі “Трэці шлях” вымушаная часова прыпыніць працу сайту да вырашэньня гэтых праблемаў з адміністрацыяй сайту kozylin.com. Мы таксама нагадваем адміністрацыі сайту, што ўладальнікам правоў на гэты дамэн, праграмнае забесьпячэньне й тэхнічную базу ёсьць інтэрнэт-суполка “Трэці шлях”, і ўчыненьне проціпраўных дзеяньняў пры дапамозе нашай уласнасьці найперш адбіваецца на нас. Спам якраз і ёсьць яскравым прыкладам такой проціпраўнай дзейнасьці. Просім адміністрацыю сайту kozylin.com зьвязацца з прадстаўніком “Трэцяга шляху” ў найбліжэйшы час для вырашэньня гэтых пытаньняў. Да гэтага моманту сайт будзе блякаваны”.

Кіраўнік прававой службы Аляксандра Казуліна Алег Воўчак не выключае, што на сайт палітыка ідзе сур’ёзная атака з боку спэцслужбаў. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію "Свабодзе". Гэта можа быць зьвязана з тым, што апошнім часам на сайце друкавалася шмат матэрыялаў, прысьвечаных якраз спэцслужбам ды іхнай дзейнасьці.

На форумах парталу tut.by ідзе дыскусія вакол выказваньня Гары Каспарава пасьля "Маршу нязгодных", які прайшоў у Маскве. Расейскі палітык і былы чэмпіён сьвету па шахматах параўнаў сытуацыю ў Расеі з тым, што маецца ў Зімбабвэ і Беларусі.

whitehall на гэта заўважыў: "Дык жа ж братнія рэспублікі! Разумець трэба";

skeptik: " Каспараў малайчына, нездарма чэмпіён па шахматах. Разьвіцьцё сумных падзей бачыць на некалькі крокаў наперад, а электарат зноў усё прасьпіць і дастукаецца да 37-а году".

Ва ўласным дзёньніку kilgor_trautt сёньня зрабіў наступны запіс: "Мусіць трэба быць больш стрыманым, але не атрымліваецца. У сёньняшняй ранішняй "Guardian" спэктакль "Свабоднага тэатру" "Быць Гаральдам Пінтэрам" атрымаў Five Stars!"

Гэтую навіну камэнтуюць adam_hlobus: "І гэта ня можа нас не радаваць";

tarpach: "Вось і я сяджу цяпер і ўся задаволеная!";

tk_sionnia: "І яно таго вартае".

На Менскім форуме Дики закрануў тэму разьмеркаваньня: "Разьмяркоўвалі дзяўчат зь Менску, ды яшчэ і замужніх, па раёнах (ня ў Менскі, а далей). Разьмяркоўвалі цяжарных. Разьмеркавалі хлопца, у якога вельмі дрэнна са здароўем, якому патрэбны пастаянны догляд менавіта ў менскай клініцы, у Хойніцкі раён. Дзе лёгіка? Гэта "клопат"? Адрываць ад любых, ад сем''яў? Гэта клопат дзяржавы? Пасылаць хворых людзей у самыя забруджаныя раёны? Акрамя таго, было зусім незразумела, чаму адпраўляюць менавіта менскіх, а ўсялякім вяскоўцам даюць свабоднае".

А вось dite сьцьвярджае наступнае: "Для некага разьмеркаваньне — адзіны шанец некуды ўладкавацца на працу і нейкім чынам увайсьці ў жыцьцё. Ведаю шмат прыкладаў, калі людзі, што вучыліся на платным і атрымлівалі вольны дыплём, прыходзілі ў дэканат прасіць, каб іх куды-небудзь разьмеркавалі, а то нідзе і нікому яны не патрэбныя".

Сябра суполкі Жывога журналу minsk_by lysy_vorzyk сёньня задаўся пытаньнем: "Заўтра сапраўды з ЖЖ нехта пойдзе сьвяткаваць Радаўніцу? А то, я ведаю, шмат хто наяжджае на могілкі пасьля — прыбрацца ад таго сьмецьця, што людзі нанесьлі. Мяне, напрыклад, у гарадзкім варыянце гэтае сьвята чамусьці палохае. У вёсцы зусім інакш, здаецца, усё больш натуральна".

Дарэчы, на сайце Менсктрансу вы можаце пазнаёміцца з раскладам дадатковых аўтобусных маршрутаў у Менску на Радаўніцу.

arezu у суполцы minsk_by піша: "Купіў у шапіку маленькі радыёпрымач з дынамікам. Магчыма, узяў бы іншы, але з дынамікам была ўсяго адна (кітайская) мадэль. Дзіўна, але якасна ён умее прымаць толькі радыё "Свабода"... Можа, гэта спэцыяльная распрацоўка апазыцыі?"