Беларускі бок ня згодны з вынікамі працы амэрыканскага сьледзтва

Радыё Свабода Паліцыя амэрыканскага штату Мэн завяршыла расьсьледаваньне ў справе сьмерці беларускага студэнта Аляксея Васілеўскага. Як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, сьмерць надышла ў выніку самагубства. Тым часам, губэрнатар штату Джон Балдачы зьвярнуўся да судовых інстанцыяў з просьбай перагледзіць справу. Падставай для гэтага сталі адпаведныя заявы прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Вашынгтоне, паведамляе выданьне Forsters Daily Democrat.
Нагадаем, што ўраджэнец Шчучыну, студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксей Васілеўскі, прыбыў ў ЗША па студэнцкай візе 16 чэрвеня 2006 году. Беларус уладкаваўся на працу ў рэстарацыі Maine Turnpike plaza ў горадзе Уэльс і пражываў у тамтэйшым пансіёне для іншаземцаў. Праз два дні цела Аляксея Васілеўскага знайшлі ля будынку пансіёну, там жа ж непадалёк быў знойдзены і нож. Паводле мэдычных экспэртаў, гэтым нажом і быў нанесены сьмяротны ўдар у шыю юнака. Судовыя мэдыкі не выключаюць як гвалтоўнай сьмерці, так і самагубства.

Аднак беларускі бок, абапіраючыся на сьведчаньні сваякоў і сяброў Аляксея Васілеўскага, лічыць, што самагубства быць не магло, паколькі юнак ніколі ня быў схільны да суіцыду. Як сьведчыць адвакат амбасады Павел Шыдлоўскі, Васілеўскі “ніколі ня меў псыхалягічных ды псыхічных праблемаў, ён ніколі не назіраўся ні псыхіятрам, ні псыхолягам”. “Тыя, хто ведалі яго па школе ды ўнівэрсытэце, называюць юнака вельмі кантактным, прыемным, ўраўнаважаным маладым чалавекам”, гаворыць адвакат.

Прадстаўнікі беларускай дыпляматычнай місіі таксама выказалі сваю заклапочанасьць тым, што ня мелі магчымасьці азнаёміцца з хадой сьледзтва ды матэрыяламі справы.