Зьніклую мэмарыяльную дошку вярнулі ў амбасаду Нямеччыны

Уладзімер Глод, Менск Амбасадару Нямеччыны ў Беларусі Марціну Гэкеру перадалі мэмарыяльную дошку памяці жыхароў Брэмэну, якія загінулі ў менскім гета ў Другую ўсясьветную вайну.
Пра гэта паведамляецца ў спэцыяльным прэсавым рэлізе, які распаўсюдзіла сёньня амбасада Нямеччыны.

Памятны знак з 1997 году знаходзіўся на жылым доме па вуліцы Гарадзкі вал у Менску. Але сёлета 10 сакавіка ён таямніча зьнік.

Памятную дошку перадаў у амбасаду грамадзянін Беларусі, прозьвішча якога не называюць. Нічога не гаворыцца і пра грашовую ўзнагароду, якую амбасада паабяцала таму, хто верне памятную дошку.