Урад вызначыў 50 прыярытэтных помнікаў гісторыі

Ігар Карней, Менск 18 красавіка традыцыйна адзначаецца міжнародны Дзень помнікаў і гістарычных месцаў. Напярэдадні гэтай даты чыноўнікі ўпраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры расказалі пра посьпехі ў галіне захаваньня гістарычных помнікаў Беларусі. Незалежныя экспэрты сьведчаць зусім пра іншыя тэндэнцыі — маштабнае зьнішчэньне гістарычнай спадчыны.
Сродкаў на рэстаўрацыю не хапае, на “перабудову” – ёсьць

У сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі блізу 4800 аб’ектаў, зь іх 4600 — матэрыяльныя.

Бальшыня патрабуе аднаўленьня ці істотнай рэстаўрацыі. Але з-за недахопу сродкаў Савет міністраў вызначыў толькі 50 прыярытэтных аб’ектаў, якія будуць даводзіць да ладу бліжэйшыя гады.

Незалежныя гісторыкі кажуць, што куды больш шпарка руйнуюць помнікі. Адным з прыкладаў — Верхні горад у цэнтры Менску. Яны канстатуюць: падчас перабудовы зьнішчаныя цэлыя гістарычныя кварталы.







“Гатэльны комплекс будзе спраектаваны без парушэньняў”

Цяпер на чарзе ўчастак паміж вуліцамі Герцэна, Гандлёвай, Кірыла і Мятоды. Тут ацалелыя помнікі з аўтэнтычнымі мурамі, датаваныя ХVII стагодзьдзем. Паводле старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава, неўзабаве на гэтым месцы зьявіцца ўльтрасучасны гатэльны комплекс.

Начальнік упраўленьня аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Васіль Абламскі сьцьвярджае: хоць дазвол на асваеньне тэрыторыі арганізацыі “Менскпраект” і выдадзены, аднак эскізных плянаў у ведамстве яшчэ ня бачылі:

“Да нас праектныя прапановы не паступалі. Калі трапяць, тады будуць разгледжаныя ў вызначаным парадку навукова-мэтадычнай радай. З заўвагамі, з патрабаваньнямі ў адпаведнасьці з існай заканадаўчай базай, якая тлумачыць падыходы да рэстаўрацыі, да аднаўленьня, прыстасаваньня аб’ектаў пад патрэбы сёньняшняга дня.
В.Абламскі: “Дазвол на гэтую тэрыторыю, на правядзеньне працаў выдадзены. Але матэрыялаў, пра што сёньня ў інтэрнэце поўна чутак, ды яшчэ касьцёл сюды прыплятаюць, няма”.
Дазвол на гэтую тэрыторыю, на правядзеньне працаў выдадзены. Але матэрыялаў, пра што сёньня ў інтэрнэце поўна чутак, ды яшчэ касьцёл сюды прыплятаюць, няма. Я ўвогуле ня думаю, што там якіясьці моцныя парушэньні будуць падчас праектаваньня”.

С.Тарасаў: эстафэта пасьляваеннай рэвізіі гістарычна-культурнай спадчыны зноў падхопленая

Археоляг Сяргей Тарасаў лічыць, што буйнамаштабная рэвізія гістарычна-культурнай спадчыны пачалася пасьля Другой усясьветнай вайны. Бальшавікам ніхто не замінаў адбудоўваць Беларусь, якая ляжала ў руінах, пад савецкага чалавека “новай фармацыі”, кажа гісторык. Цяпер тая эстафэта зноў падхопленая:

“Тое, што засталося і тое, што было часткова парушана, было стымулам, каб і астатнія гістарычныя помнікі зьнесьці й нарэшце пракласьці тыя самыя пэрпэндыкулярныя праспэкты, тыя самыя проста пэрпэндыкулярныя лініі.
С.Тарасаў: “Лічылася, што савецкі чалавек, чалавек будучага, камуністычны чалавек, павінен жыць у новым асяродзьдзі... Таму і цяпер можа ў каго іншыя погляды на сьветлае жыцьцё...”
Бо ідэалёгія была вельмі цікавая: лічылася, што савецкі чалавек, чалавек будучага, камуністычны чалавек, павінен жыць у новым асяродзьдзі — зь вялікімі, шырокімі праспэктамі, зь вялізнымі плошчамі, якія б сымбалізавалі шырыню і сьветласьць будучага жыцьця. Вось пад гэта ўсё рабілася.

Таму і цяпер можа ў каго іншыя погляды на сьветлае жыцьцё, дзе ўсё павінна быць забудавана сучаснымі дамамі, супэрмадэрнам і г.д. Цалкам усё можа быць”.