Іран паабяцаў вызваліць палонных брытанскіх маракоў (абноўлены)

Радыё Свабода 15 брытанскіх маракоў, затрыманых іранскімі вайскоўцамі ў Пэрсыдзкай затоцы, будуць вызваленыя,– паабяцаў прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэджад.
У часе выступу ў Тэгеране, ён заявіў, што брытанцы, у ліку якіх адна жанчына, будуць адвезеныя ў аэрапорт адразу пасьля завяршэньня ягонай прэсавай канфэрэнцыі.

Іран затрымаў 15 брытанскіх маракоў 23 сакавіка і зьвінаваціў іх у тым, што яны незаконна заплылі ў тэрытарыяльныя воды Ірану. Вялікая Брытанія адхіліла абвінавачваньні. Іранская тэлевізія паказвала запісы палонных маракоў, у якіх яны прызнавалі, што нелегальна заплылі ў тэрытарыяльныя воды Ірану. Іран назваў брытанскі зварот да ААН у сувязі з затрыманьнем маракоў “актам агрэсіі”.

Раней Ахмадзінеджад заявіў, што Іран, які мае поўнае права судзіць брытанскіх вайскоўцаў, даруе ім і вызваляе іх у якасьці падарунка народу Вялікай Брытаніі.

Тым часам, Іран ужо больш двух месяцаў утрымлівае ў краіне францускага гісторыка, спэцыяліста ў ісламе Стэфана Дзюдуаньёна. Ён быў затрыманы 30 студзеня ў часе паездкі па ўсходнім памежжы Ірана. Паліцыя адабрала ў яго пашпарт. Ніякіх абвінавачаньняў навукоўцу ня выстаўлена, але бяз пашпарту ён ня можа пакінуць краіну. Францыя заклікала Іран як найхутчэй дазволіць навукоўцу вярнуцца на радзіму.