Вынікі эўрапейскай экспэртызы польскага мяса Расея не прызнае

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Расейскае эмбарга на польскія мясныя прадукты дзейнічае ад восені 2005 году. Нягледзячы на праверкі польскіх мясаперапрацоўчых заводаў і расейскімі і эўразьвязаўскімі вэтэрынарнымі экспэртамі, якія не знайшлі ніякіх парушэньняў тэхналёгіі, забарона дагэтуль не адмененая. Гэта схіляе адмыслоўцаў да думкі, што эмабарга мае палітычны характар.
У лістападзе 2005 году расейскі бок абвінаваціў палякаў у тым, што экспарцёры мясных вырабаў з гэтай краіны прад’яўляюць несапраўдныя сэртыфікаты якасьці на свае тавары, і таму Расея вымушаная забараніць імпарт такіх прадуктаў на сваю тэрыторыю.

Празь некаторы час расейцы нечакана забаранілі таксама і імпарт прадуктаў расьліннага паходжаньня, на чым польскія экспарцёры згубілі дзясяткі мільёнаў даляраў.

У адказ Польша заблякавала пачатак перамоваў Эўразьвязу з Расеяй у справе падпісаньня новага пагадненьня аб партнэрстве, патрабуючы ад Эўразьвязу выказаць салідарнасьць з Варшавай у “мясной спрэчцы” з Масквой.

Эўразьвяз прыслаў у Польшчу ўласную камісію вэтэрынарных экспэртаў, пасьля чаго прадстаўнік Эўракамісіі Філіп Тод заявіў, што “расейскае эмбарга на польскае мяса беспадстаўнае”.

Алег гэтага, паводле прэзыдэнта Польшчы, недастаткова.

Качыньскі: “Я казаў сваім эўрапейскім сябрам, што ў некаторых справах яны робяць памылкі і, часам, мы ня ў стане пераканаць астатнія 26 краінаў Эўразьвязу, што маем рацыю. Тое, што ў гэтай справе няма салідарнасьці, гэта вялікая памылка”.

Між тым Расея напярэдадні заявіла, што справаздача эўразьвязаўскіх вэтэрынарных экспэртаў, якія праводзілі інспэкцыю польскіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў, “недастаткова грунтоўная” і трэба правесьці “дадатковы кантроль”. А гэта азначае, што ў бліжэйшы час адмены расейскага эмбарга наўрад ці можна чакаць.