У Беларусі пачынаюцца суботнікі

Ігар Карней, Менск За савецкім часам суботнік быў прымеркаваны да дня нараджэньня Ўладзімера Леніна і называўся “ленінскім”. У сучаснай Беларусі суботнікі захаваліся. Цягам апошніх гадоў у красавіку будаўнічую каску апранае і Аляксандар Лукашэнка: ён спускаўся ў недабудаваную шахту мэтро, альбо з насілкамі перасоўваўся на такіх стратэгічных аб’ектах як Нацыянальная бібліятэка ці спартовы комплекс “Менск-Арэна”. Але ці абавязаныя людзі працаваць за “дзякуй”?
Барысаўскі райвыканкам пастанавіў, што заўтра супрацоўнікі бюджэтнай сфэры гораду выйдуць на суботнік “з мэтай навядзеньня парадку і добраўпарадкаваньня тэрыторыі горада і раёну”. Створаны штаб, які мусіць правесьці “арганізацыйна-тлумачальную працу ў калектывах пра мэты і задачы суботніка” і замацаваць за прадпрыемствамі пэўныя тэрыторыі.

Ці абавязаныя бюджэтнікі выходзіць на суботнікі? Пра гэта я запытаў у лідэра прафсаюзнага руху Беларусі Генадзя Быкава:

“Няма такога нідзе. Гэта асабістая ініцыятыва Аляксандра Рыгоравіча, нашаму кіраўніцтву халява заўсёды падабаецца. Але асноўная маса прадпрыемстваў, заводаў проста пералічваюць грошы на тыя рахункі, якія ім указваюць. Адным бяз розьніцы, бо бярэцца ня зь іхнага заробку, а ў іншых аднадзённы заробак насамрэч забіраюць”.

Карней: “Але асабліва адмовіцца ніхто і ня можа?”

“Там, дзе Свабодны прафсаюз быў, нашы людзі і не хадзілі на суботнікі. І грошы ў нас ніхто не забіраў. А з астатніх здымалі. З нашымі імкнуліся не зьвязвацца, таму што адміністрацыя ж ведае, што ня мае рацыі".

Асобныя буйныя прадпрыемствы, як і сказаў спадар Быкаў, сапраўды абыходзяцца пералічэньнем грошай у дзяржаўны бюджэт і выганяць людзей на суботнікі не плянуюць пра гэта мне сказалі ў прафсаюзным камітэце менскага заводу “Гарызонт”:

“Як прафсаюз, мы нічога такога не плянуем, не арганізуем. І проста пра гэта нават ня ведаем”.

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў кажа, што прымусовае выгнаньне людзей на працу ніяк не замацавана ў заканадаўстве:

“Справа ня ў тым, што гэта не адпавядае заканадаўству. Гэта праца, якая ніякім чынам не адносіцца да працоўнай дамовы, паводле якой хтосьці працуе. Але паспрабуй адмовіцца! Што будзе? Мала не падасца. Але гэта ўжо зь іншай опэры. Заканадаўствам не прадугледжана, але пры чым тут заканадаўства? Што тут казаць? Той, хто кіруе краінай, -- яму “савок” вельмі падабаецца. Гэта ўкараненьне гэткага камуністычнага досьведу”.

А вось кіраўніцтва прадстаўніца гарадзкога камітэту Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Вольга Цешура кажа, што сябры арганізацыі бясплатна гатовыя працаваць практычна штодня:

“Суботнікі, зразумела, па суботах. Але па добраўпарадкаваньні акцыя ў нас ужо даўно пачалася. Моладзь займаецца перш за ўсё добраўпарадкаваньнем тэрыторыі на могілках, дзе вайсковыя захаваньні. І добраўпарадкуюць зону адпачынку. Ну і, зразумела, пасадка дрэваў. 5 красавіка ў нас на Камсамольскім возеры будзе вялікі моладзевы суботнік”.

Запытваю ў актывісткі БРСМ: ці насамрэч увесь гэты час маладзёны працуюць задарма – а не адзін дзень у часе звыклага суботніка, як старэйшыя таварышы?

“Так, канешне. То бок, мы складаем такія графікі, куды маладзёны ходзяць, працуюць. І так працуюць яны цягам тыдня. А па суботах ладзяцца арганізаваныя суботнікі раённага і гарадзкога маштабу”.

А вось іншым маладым людзям даводзіцца працаваць не дзеля маральнага задавальненьня, але, найперш, за магчымасьць жыць у студэнцкіх інтэрнатах. Паводле навучэнцаў, у шэрагу інтэрнатах існуе абавязковая адпрацоўка -- ад 10 да 30 гадзінаў на карысьць інтэрнату. У выпадку непадпарадкаваньня, можна застацца бяз даху над галавой.

Студэнтка: "Разьмяркоўваюць па ўчастках. Нехта мые дзьверы, нехта сьцены, нехта кухню, нехта падлогі. Некаторыя студэнты, скажам так, з рыпам у сэрцы выконваюць тое, што ім загадваюць".