У Магілёве, Горках і Крычаве адзначаюць Дзень Волі

Радыё Свабода Нягледзячы на тое, што многія актывісты паехалі адзначаць Дзень Волі ў Менск, у гарадах Магілёўшчыны праходзяць сьвяточныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 89-й гадавіны БНР.
У Магілёве грамадзкія й партыйныя актывісты выйшлі на цэнтральныя вуліцы гораду зь бел-чырвона-белымі шалікамі.

Яны распаўсюджвалі зварот старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы да грамадзянаў Беларусі, а таксама паштоўкі да Дня Волі.

Цягам дня да будынку краязнаўчага музэю ўскладалі бел-чырвона-белыя гвазьдзікі. У гэтым будынку 12 ліпеня 1918 году магілёўская грамадзкасьць ухваліла абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нагадаем, што Магілёўскі гарвыканкам забараніў правядзеньне ў горадзе шэсьця ды мітынгу да Дня Волі.

У Горках грамадзкія актывісты Дзень Волі адзначаюць распаўсюдам паштовак зь беларускай нацыянальнай сымболікай. Напярэдадні Дня Волі выйшаў сьвяточны нумар горацкай газэты “Ўзгорак”.

У Крычаве прайшла ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да Дня Волі. Як і ў Горках, напярэдадні выйшаў сьвяточны нумар крычаўскай газэты “Вольны горад”. Рэдактара выданьня за два дні да 25 сакавіка выклікалі да пракурора раёну, які папярэдзіў пра адказнасьць за несанкцыянаваныя публічныя мерапрыемствы.