“Эўропа несвабодная, пакуль існуе рэжым Лукашэнкі”

Радыё Свабода Згуртаваньне хрысьціянска-дэмакратычных студэнтаў у Нямеччыне заклікала ўсіх эўрапейцаў, якія сьвяткуюць ў гэтую нядзелю 50-ю гадавіну стварэньня Эўрапейскага Зьвязу, не забывацца пра Беларусь і пра тое, што жыхары гэтай краіны несвабодныя.
Як гаворыцца ў заяве, “Эўропа несвабодная да таго часу, пакуль у ёй ёсьць дыктатары кшталту Лукашэнкі… Беларусы, якія хочуць 25 сакавіка адзначыць забаронены Лукашэнкам Дзень Волі, могуць стаць ахвярамі рэпрэсіяў з боку ўладаў. Гэтая сытуацыя недапушчальная для цяперашняй дэмакратычнай і свабоднай Эўропы. Як эўрапейцы і грамадзяне Эўразьвязу, мы ня можам спакойна назіраць за дыктатарскімі злачынствамі, якія адбываюцца ля нашых дзьвярэй”.

Згуртаваньне хрысьціянска-дэмакратычных студэнтаў заклікае эўрапейцаў праявіць салідарнасьць зь Беларусьсю: “Калі ў эўрапейскай сям’і хтосьці хворы, усе астатнія сваякі таксама пакутуюць. Наш усходні сусед Беларусь церпіць ад дыктатарскага рэжыму. Пакуль Беларусь застаецца несвабоднай, несвабодныя і мы”.