Пінск: старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ асудзілі на 5 сутак

Радыё Свабода Сёньня Пінскі гарадзкі суд разгледзеў адміністрацыйную справу старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандра Рамановіча. Яго прызналі вінаватым ў дробным хуліганстве і асудзілі на 5 сутак.
Юрыст зь Берасьця Раман Кісьляк прысутнічаў на судовым паседжаньні у Пінску. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода.

“У судзе заслухалі сьведак – двух супрацоўнікаў міліцыі. Яны даводзілі, што ён брыдкасловіў. Аднак якія-небудзь словы не называліся. Рамановіч асуджаны на 5 сутак”.

Раман Кісьляк таксама паведаміў, што з залі суду была выведзена пад канвоем журналістка рэгіянальнай газэты “Мясцовы час” Надзея Андрэйкавец. Міліцыянты адабралі у яе фотаапарат.

Сёньня КДБ і міліцыя працягвалі сачыць за апазыцыянэрамі на Берасьцейшчыне. У Пінску быў затрыманы сябра партыі БНФ Канстанцін Чувак. У Берасьці на вуліцы Савецкай быў спынены і дастаўлены ў пастарунак актывіст руху “За Свабоду” Андрэй Шарэнда. У Баранавічах – Віктар Карлінскі. Жыхару Пінску Аляксандру Аўсеенку ўдалося адарвацца ад перасьледу. Ён перакананы, што напярэдадні Дня Волі ў міліцыю паступілі сьпісы актывістаў.

“Мне нават міліцыянт паказваў сьпіс і зачытваў: “Аляксандар Мікалаевіч...” – аднаго са сьпісу. Я кажу: “Рамановіч?”. Адказвае: “Так, Рамановіч”. Працуюць па сьпісах. Альбо узяць падпіску аб абмежаваньні канстытуцыйных правоў, а калі людзі адмаўляюцца, то арыштаваць і пасадзіць”.