Што думаюць гарадзенцы пра дзень 25 сакавіка?

Радыё Свабода Што для вас азначае дата 25 сакавіка? Што ведаеце пра Беларускую Народную Рэспубліку? На гэтыя пытаньні адказвалі жыхары Горадні.
Маладзён: “Дзень стварэньня нашай рэспублікі — гэта важная дата, паколькі мы асобная, сувэрэнная дзяржава. Мы павінны адзначаць яе. А тое, што ўлады ня хочуць адзначаць, то кожны, хто сам жадае яе адзначыць, ён гэта зробіць”.

Студэнт: “Ведаем мы пра гэта вельмі мала, як і асноўная маса людзей, што жывуць у нашым горадзе. Да пытаньняў гісторыі трэба ставіцца больш уважліва, каб грамадзянін Рэспублікі Беларусь валодаў пэўнымі ведамі й быў самасьвядомы”.

Ягоны сябра: “Людзі на плошчы ў сталіцы зьбіраюцца, каб успомніць гэтую дату, аддаць належнае памяці: бо гэта было некалі ўсё-ткі”.

Маладзён: “Я лічу, гэтую дату варта адзначаць, яна адыгрывае пэўную ролю ў гісторыі Беларусі”.

Студэнт: “Дата гэтая, канечне, вядомая ўсім — Дзень Волі 25 сакавіка. Адзначаць не даюць, паколькі афіцыйна гэтага сьвята няма, афіцыйна адзначаецца іншая дата. Але я лічу, што гэта нашая гісторыя, і трэба дазваляць людзям адзначаць тое, што яны хочуць”.

Ягоная сяброўка: “Адзначаць не адзначаем, але дату гэтую ведаем”.

Малады спадар: “Помню гэтую дату, ведаю — і ўсё”.

Маладзён: “Мне даслалі СМС з прапановай прыехаць у Менск на плошчу пастаяць за рэспубліку. 25-га буду ў Менску, можа нават пабываю на плошчы. Бо, у маім разуменьні, некаторыя рэчы яшчэ не зусім састарэлі”.

Малады спадар: “Адзначаць гэтую дату можа й трэба было б, на маю думку”.

Ягоны сябра: “Ведаю пра 25 сакавіка, вывучалі па гісторыі. На маю думку, можна было б адзначаць гэтае сьвята”.

Спадар: “Канечне, варта адзначаць, гэта нашая гісторыя. У мяне шмат знаёмых: адны ведаюць пра гэта, іншыя — не”.

Дзяўчына: “Ведаю, што 25 сакавіка — гэта дзень стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, праходзілі па гісторыі ў школе. Але гэтая дата не адзначаецца. Мо варта было б адзначаць, а мо й не, ня ведаю”.

Малады спадар: “Для кожнай рэспублікі любая дата, якая датычыць яе незалежнасьці, важная. 25 сакавіка 1918 году — адзначаць гэтую дату, я лічу, можна, нічога ў ёй апазыцыйнага няма. Інакш ня будзем памятаць гісторыю сваёй краіны — а калі няма гісторыі, то няма мінуўшчыны й няма будучыні”.

На здымку: у гэтым гарадзенскім будынку, паводле шэрагу гісторыкаў, ў 1919 годзе кароткі час месьціўся ўрад БНР. 25 сакавіка 1996 году на даху будынку зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў некалькі дзён.