Рэчыца: зьбіты старшыня мясцовай арганізацыі Партыі БНФ

Радыё Свабода Сёньня а дзесятай гадзіце вечару ў Рэчыцы невядомы малады чалавек напаў на старшыню раённай арганізацыі Партыі БНФ Валера Пуціцкага. Здарылася гэта ля дому актывіста на вуліцы Спартыўнай. Малады чалавек невысокага росту прычапіўся з пытаньнем, як прайсьці ў інтэрнат. І затым, схапіўшы актывіста за грудзі, стаў біць нагамі па нагах з завучаным абурэньнем: “Ах, ты мяне паслаў…”.
Абодва ўпалі на зямлю. Пуціцкі пабіў аб асфальт калені. На шчасьце, умяшалася суседка, што вышла ў двор выпыліць дыван. Аднекуль з глыбіні двара зьвіўся невядомы мужчына і нібыта зьдзіўлена запытаў: “Ну што вы тут не падзялілі?”.

“Улада, як і летась, палохаецца актывістаў. Правакатары спрабуюць учыніць нейкія канфлікты, каб зноў пасадзіць нас за краты”, - лічыць Валер Пуціцкі.

Год таму, перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі, паводле падобнага сцэнару спадара Пуціцкага асудзілі на сем сутак арышту нібыта за дробнае хуліганцтва.