У Горадні на пяць сутак арыштаваны актывіст БНФ

Сяргей Астраўцоў Кіраўніка Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзіма Саранчукова арыштавалі на пяць сутак паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы.
Вадзіма затрымалі перад абедам у цэнтры гораду, а літаральна праз тры гадзіны ў Ленінскім раённым судзе пакаралі. Ён перакананы, што мэтай міліцыянтаў зьяўляецца ізаляваць яго на 25 сакавіка.

Калегі Саранчукова па партыі гэтымі днямі адчуваюць сачэньне за сабою з боку міліцыянтаў. Некаторыя зь іх баяцца выходзіць з дому, каб ня быць арыштаванымі.

Напярэдадні ў Горадні былі ўжо арыштаваныя два актывісты — Ігар Банцар на дзесяць сутак і Андрусь Фамін на сем.