Надрукаваны 800-ы нумар газэты “Наша слова”

Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 20 сакавіка
Сёньня чытачы недзяржаўнай беларускай газэты “Наша слова” атрымліваюць 800-ы нумар выданьня. Рэдактар Станіслаў Суднік інфармуе:

“У сакавіку 1990 году выйшаў першы нумар бюлетэня “Наша слова”. У тым самым годзе бюлетэнь пераўтвораны ў газэту. У 1997 годзе быў перапынак на паўгода. А так – скразная нумарацыя: 800 нумароў, зь іх 470 падрыхтаваныя і выдадзеныя ў Лідзе”.

“Наша Слова” сёньня друкуе палемічныя нататкі Лявона Баршчэўскага. Адзін зь лідэраў апазыцыі зьвяртаецца да рэдактара газэты “Літаратура і мастацтва” з пытаньнем “Дзе ж праўда, спадар Казлоў?”.

Таксама сёньня беларускае выданьне інфармуе аб падрыхтоўцы да 450-годзьдзя Лява Сапегі. Гэта – гістарычныя зьвесткі ад прафэсара Анатоля Грыцкевіча і сёньняшняя інфармацыя пра адмысловы юбілейны каляндар.

Газэта «Комсомольская правда в Белоруссии» дасьледуе сытуацыю навучаньня беларусаў ва Ўкраіне. Выданьне даводзіць, што гэта – выгодны варыянт. Не патрабуецца віза, недалёкая дарога, акрамя таго, суседзі прымаюць і прызнаюць дакумэнты аб першай адукацыі ў Беларусі.

Ці адменяць у Беларусі новыя аўтамабільныя штрафы? У адказе на пытаньне “Комсомольская правда в Белоруссии” інфармуе, што зьмены сапраўды рыхтуюцца. Спасылкі – на начальніка Дзяржаўтаіспэкцыі Менску.

Незарэгістраваны тыднёвік “Вольны Крычаў” паведамляе навіну, якая засталася па-за увагай дзяржаўных СМІ. Расказвае журналіст Сяргей Няроўны:

“У Крычаў прыяжджалі дэлегацыі дзелавых колаў Кітаю, вялі перамовы на мясцовым цэмэнтным заводзе пра будаўніцтва новай вытворчасьці. Кітайцы жадаюць, каб шараговыя працаўнікі і інжынэры былі з Кітаю. Гэта былі нейкія таямнічыя перамовы”.

Паводле Сяргея Няроўнага, кітайскі бок асабліва цікавяць запасы сыравіны на новым кар’еры “Каменка”.