Міністар Уладзімер Патупчык зьбіў на дарозе чалавека. Пацярпелы памёр

Алег Грузьдзіловіч, Менск Трагедыя адбывалася яшчэ 9 сакавіка ў Менску, між тым ў рэспубліканскім ДАІ заяўляюць, што “здарэньне ў зводках не значыцца”. З міністрам працы і сацыяльнай абароны Уладзімерам Патупчыкам, каб атрымаць ягоны камэнтар, зьвязацца не ўдаецца – у прыёмнай міністра адказваюць, што “міністар заняты”.
Аднак дачка міністра Ульяна пацьвердзіла “Свабодзе”, што здарэньне было. “Мы выяжджалі з Менску па праспэкце Прытыцкага, было цёмна. Джып, які ішоў наперадзе, раптам ад’ехаў у бок, перад намі ўзьнік чалавек. Далей быў удар. Было страшна”, -- згадала Ульяна, якая разам з бацькам ехала ў аўтамабілі. Яна сьцьвярджае, што яе бацька і сьведкі здарэньня адразу выклікалі хуткую дапамогу і ДАІ. Паводле дачкі міністра, яе бацька быў цьвярозы, што пацьвердзіла далейшая экспэртыза крыві.

Зьбіты чалавек аказаўся жыхаром пасёлку Івянец Валожынскага раёну. Ён быў асуджаны за крадзеж і адбываў пакараньне абмежаваньнем волі ў Валожынскай спэцкамэндатуры, але 6 сакавіка самавольна пакінуў інтэрнат. 10 сакавіка зьбіты памёр. Ахвяра -- Генадзь Валканоўскі з Івянца. Яму было 27 гадоў.