Лукашэнку — у расейскія прэзыдэнты

Радыё Свабода Група моладзевых дэмакратычных актывістаў зьбіраецца правесьці 1 красавіка пікет у падтрымку кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі на выбары прэзыдэнта Расеі 2008 году. Адпаведную заяўку падалі ў Магілёўскі гарвыканкам.
Актывіст Сяргей Гіркін, адзін з заяўнікаў пікету, гэтак патлумачыў “Свабодзе” мэту акцыі: “Калі Лукашэнка стане прэзыдэнтам Расеі, пасада прэзыдэнта Беларусі застанецца вакантнай, і беларускі народ пазбудзецца дыктатуры”.

Актывіст таксама зазначыў, што на Дзень сьмеху варта высьмеяцца, каб ня ставіцца сур’ёзна да наступнага дня — гэтак званага Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі.

Пікет на Дзень сьмеху моладзь зьбіраецца правесьці ў цэнтры Магілёва.

Нагадаем, у 1997 годзе правядзеньне пікету 1 красавіка, напярэдадні Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі, скончылася затрыманьнямі й вялікімі штрафамі.