У Брусэлі пачаліся імпрэзы, прысьвечаныя гадавіне сакавіцкіх падзеяў

Алена Струвэ, Менск А 20-й вечара ў брусэльскім Grand Prix Bar, што ў самым цэнтры сталіцы Эўразьвязу, пачаўся паказ спэктакляў менскага “Свабоднага тэатру” “Пакаленьне джынс” і “Быць Гаральдам Пінтэрам”. Арганізатар мерапрыемства – брусэльскі офіс “За дэмакратычную Беларусь”.
Як паведаміла Свабодзе кіраўніца офісу Вольга Стужынская, выступ менскіх артыстаў перад брусэльскай публікай зьявіцца пачаткам сэрыі імпрэзаў, прысьвечаных гадавіне сакавіцкіх падзеяў. У гэтыя выходныя брусэльцы змогуць таксама паглядзець фільм рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама наведаць выставу менскіх фатографаў.

“Мы хочам пазнаёміць брусэльцаў з нашымі таленавітымі акторамі, мастакамі, фатографамі, расказаць праз культурніцкія сродкі пра тое, што адбылося мінулай вясной у Менску”, сказала Вольга Стужынская.

Кіраўніца офісу паведаміла Свабодзе, што сёньняшняе мерапрыемства праходзіць пад патранажам дэлегацыі па Беларусі Эўрапейскага парлямэнту. Паглядзець жа спэктаклі менскага тэатру прыйшла самая шырокая публіка.