Хабары гаспадарнікам сталі даваць мільёнамі даляраў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск Карупцыйныя злачынствы ў Беларусі па-ранейшаму складаюць большую частку эканамічных злачынстваў, хаця агульная колькасьць эканамічных злачынстваў меншае. Калі ў 2002 годзе іх было зарэгістравана болей за 17 тысяч, то летась — 8 тысяч.
Пра маштабы карупцыі паведаміў журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік управы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Віктар Ермакоў. Міліцыянт назваў найбольш карумпаваныя сфэры беларускай эканомікі:

“Часьцей за ўсё грошы, якія зарабілі незаконна, укладаюцца ў будоўлю, гульнявы бізнэс, гандаль алькаголем, тытунём. Асабліва адносна алькаголю сытуацыя складаная. Прыкладам, калі летась мы склалі 6 тысяч пратаколаў, дык толькі за два месяцы 2007 году – ужо 2 тысячы. На мільярд рублёў сканфіскавалі прадукцыі, якая ўтрымлівае алькаголь”.

У будоўлі рэкорднымі сталі колькасьць і памеры хабараў, з дапамогай якіх спрабуюць атрымаць зямельныя ўчасткі пад забудову ці выгадны аб’ект для забудовы.

Пакуль найбольшы хабар, за які прыцягнулі да адказнасьці – паўтара мільёна даляраў. Але спачатку ў гэтай справе гаворка ішла ажно пра 7 мільёнаў. Паводле зьвестак, такую суму прасілі высокапастаўленыя чыноўнікі за дазвол на выдзяленьне прывабнага ўчастку.

У адным з дакумэнтаў справы нібыта фігураваў кіраўнік адміністрацыі Менскай вобласьці Мікалай Дамашкевіч.

Але абвінавачаньня чыноўнікам ня выставілі. Міліцыянты з управы эканамічнай злачыннасьці арыштавалі пасярэднікаў, і ланцужок хабарнікаў спыніўся. “Мы баяліся, што грошы зьнікнуць, а мы ж бралі іх у Нацыянальным банку”, — патлумачыў Віктар Ермакоў.

Міліцыянт прызнаў, што адбываюцца сьледчыя экспэрымэнты, калі чыноўнікаў правакуюць на атрыманьне хабару, а таксама тое, што некаторыя з гэтых экспэрымэнтаў “праведзеныя недастаткова прафэсійна”.

Апошнім часам значна павялічыліся махінацыі з палівам. Ёсьць выпадкі, калі махінатары зьмешваюць газу з пячным палівам і пад выглядам дызэльнага паліва прадаюць пакупнікам. “Страты ад гэтага злачынства яшчэ і ў тым, што псуюцца аўтамабілі і тэхніка”, – паведаміў Віктар Ермакоў.

Журналісты спыталі Віктара Ермакова пра справу аб пастаўках у Расею нелегальнага польскага мяса: ці праўда, што да гэтай справы, як пішуць некаторыя мэдыі, нібыта меў дачыненьне былы міністар спорту і турызму Юры Сівакоў?

Міліцыянт паведаміў, што сапраўды была расьсьледаваная справа аб продажы нелегальнага польскага мяса пад выглядам вырабаў вядомых беларускіх аграфірмаў, але пра ўдзел у гэтай справе Юр’я Сівакова Віктару Ермакову нічога невядома.

Нагадаем, сам Юры Сівакоў абвяргае датычнасьць да крымінальных скандалаў.