Магілёў: Моладзевы актывіст, затрыманы з пакункам улётак, на волі

Радыё Свабода, Магілёў Антона Усьцімчука з пакункам улётак да сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі затрымалі ў 18.30 каля ягонага дому двое амапаўцаў.
Моладзевы актывіст, кажа, што міліцыянты запатрабавалі паказаць, што ў пакунку. Потым пасадзілі ў УАЗік у адвезьлі ў Ленінскі РАЎС Магілёве. Там склалі пратакол на канфіскацыю ўлётак і адпусьцілі.

Тым часам, сьледчыя КДБ скончылі допыты моладзевых актывістаў. Апошнімі дапытанымі былі Тацяна Буланава, Максім Азараў ды непаўналетні Расьціслаў Панкратаў.

Расьціслава Панкратава дапытвалі ў прысутнасьці маці – Анжэлы Анатолеўны. Паводле спадарыні Панкратавай, сьледчы КДБ Аляксандраў задаў сыну блізу сарака пытаньняў. Усе яны тычыліся “Маладога фронта” – ягонай структуры, кіраўніцтва ды фінансаваньня.

Нагадаем, за апошнія два дні ў Магілёўскую ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі выклікалі сем чалавек: Антона Усьцімчука, Тацяну Буланаву, Максіма Азарава, Расьціслава Панкратава, Артура Фінькевіча ды Кірылу Паражынскага. Крысьціна Шацікава таксама атрымала позву, але на допыт не зьявілася.