Польскія манахі гандлююць шынкамі ды наліўкамі

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы рэклямную кампанію сваіх прадуктаў пачаў Ордэн бэнэдыктынцаў. Манахі кажуць, што іхныя сыры, шынкі ды наліўкі прыгатаваныя паводле старажытных арыгінальных рэцэптаў, а гандаль імі -- зусім ня грэх.
Ва ўмовах рынкавай эканомікі кожнае прадпрыемства, камэрцыйная арганізацыя, мусяць даваць сабе рады ўласнымі сіламі. Але хто б мог падумаць, што гэта будзе тычыцца нават арганізацыі з такой гісторыяй і традыцыямі, як Ордэн бэнэдыктынцаў, які вырашыў займацца камэрцыйнай дзейнасьцю, каб вырашыць уласныя матэрыяльныя праблемы – зарабіць грошы на ўтрыманьне кляштараў. Манахі пачалі зарабляць, займаючыся тым, што рабілі іхныя браты па веры цягам стагодзьдзяў – вытворчасьцю простых, але смачных і, што ў нашыя часы мае вялікае значэньне, экалягічна чыстых харчоў: сыроў, рыбы, налівак, джэмаў, вэнджаных каўбасаў.

«Як і любы іншы рэцэпт, нашыя рэцэпты таксама з часам зьмяняліся, але ёсьць у іх тое, што засталося нязьменным, так што маем сталыя кампанэнты, але і нешта сучаснае, што зьявілася адносна нядаўна», -- кажа айцец Зыгмунт, якога ордэн прызначыў адказным за ўвесь праект.

Паводле ягоных словаў, для большасьці манахаў законы рынку, маркетынг, рэклямная кампанія - гэта рэчы, у якіх вельмі цяжка разабрацца, таму ордэн запрасіў да супрацоўніцтва таксама сьвецкіх адмыслоўцаў. «Гэта невялікія фірмы, якім мы аддаем частку працы, бо некаторыя часткі працэсу вытворчасьці нельга ажыцьцявіць у кляштарах з-за таго, што ўмовы не адпавядаюць вымогам санітарых службаў. Тым ня меней я думаю, што нам не пагражае, што вытворчасьць можа выйсьці за межы кляштараў і стаць масавай»,-- кажа адзін са сьвецкіх мэнэджэраў, запрошаных бэнэдыктынцамі.

Шмат хто напэўна запытаецца: а як жа з маральным аспэктам: манахі, а гандлююць. Як палагодзіць служэньне Богу і такі зямны занятак?

Паводле айца Зыгмунта, у гэтым няма ніякай супярэчнасьці, бо ўсе заробленыя грошы прызначаюцца выключна на патрэбы абацтва. Акрамя гэтага, кляштары спрадвеку займаліся гандлем, а браты польскіх бэнэдыктынцаў, напрыклад, з Францыі, даўно стварылі моцныя і квітнеючыя фірмы.

«Нешта рабілася, прадавалася, куплялася ці выменьвалася ў кляштарах заўсёды. Мы не зьяўляемся нейкімі піянэрамі ў гэтай справе і не прыдумалі нічога новага»,-- перакананы айцец Зыгмунт.

Адметна, што камэрцыйную дзейнасьць бэнэдыктынцы вядуць з дазволу біскупа. Манахі ўжо пастаўляюць свае прадукты ў шэраг крамаў па ўсёй краіне, пачаўся таксама гандаль праз інтэрнэт.

У капіталістычнай эканоміцы новым таварам нялёгка прабіцца на рынак, але ў братоў бэнэдэктынцаў ёсьць адна сур''ёзная перавага, якую цяжка атрымаць нават за вельмі вялікія грошы – давер. Бо цяжка ўявіць сабе, што яны будуць падманваць, напісаўшы, напрыклад, на ўпакоўцы ад сыру, што гэты прадукт утрымлівае менш калёрый, чым там насамрэч ёсьць.