Аляксандар Мілінкевіч заклікаў падтрымаць “Кампраміс дзеля адзінства”

Радыё Свабода Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся зь лістом да сяброў Палітычнай Рады аб’яднаных дэмсілаў і дэмакратычнай грамадзкасьці. Ён заклікаў падтрымаць прапанову старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі “Кампраміс дзеля адзінства” ад 16 лютага 2007 года.
Спадар Мілінкевіч ухваляе прапанову спадара Вячоркі па тэрмінах, фармаце й зьмесьце Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Яна можа стаць добрым крокам для пачатку дыскусіі пра вырашэньне праблемаў.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў усе суб’екты кааліцыі і ўсё дэмакратычнае грамадзтва Беларусі як мага хутчэй выказаць сваё стаўленьне да гэтай прапановы і сумеснымі высілкамі спрычыніцца да захаваньня адзінства.

А.Мілінкевіч заявіў: "Сытуацыя ў Беларусі й вакол яе абвастраецца. Існуе пагроза незалежнасьці й эканамічнага крызысу.Дэмакратычным сілам нашай краіны, як ніколі, вельмі важна апэратыўна й адэкватна рэагаваць на выклікі часу. Сёньняшні стан унутры аб’яднаных дэмсілаў можна ахарактарызаваць як нездавальняючы, па прычыне адсутнасьці адзінства суб’ектаў кааліцыі па найбольш важных пытаньнях унутры кааліцыйнага будаўніцтва. У такім стане АДС ня могуць эфэктыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны й спраўджваць тыя спадзяваньні, якія ўскладаюць на нас грамадзяне Беларусі. Нам вельмі неабходныя канкрэтныя прапановы, скіраваныя на дасягненьне кампрамісу”.