Сяргей Скрабец стварае моладзевы рух

Галіна Абакунчык, Менск Новая моладзевая структура будзе называцца Моладзевым рухам імя Кастуся Каліноўскага. Заплянаваная і першая акцыя гэтага руху – мітынг у падтрымку Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў. Сёньня спадар Скрабец зьбіраецца зьвярнуцца ў Менскі гарвыканкам з заявай на правядзеньне мітынгу.
Ініцыятарам стварэньня новага моладзевага руху выступіў Сяргей Скрабец, а ўзначальвае Сяргей Галаганюк. Мэту яго арганізацыі спадар Галаганюк тлумачыць гэтак:

Галаганюк: “Мы хочам стварыць альтэрнатыву БРСМ. Канечне, яго можна назваць палітычным моладзевым рухам і ён, натуральна, будзе дэмакратычным”.

Новы моладзевы руху носіць імя Кастуся Каліноўскага. Адпаведнай гэтай постаці мае быць і дзейнасьць руху, у тым ліку за межамі Беларусі, кажа сузаснавальнік руху Аляксандар Скрабец:

Скрабец: “Мы хочам, каб людзі выступалі зь пікетамі каля амбасадаў у Маскве, Кіеве, Празе, Варшаве і гэтак далей. Каб у Беларусі спынілася манархічная тыранія”.

Паводле стваральнікаў руху імя Кастуся Каліноўскага, колькасьць сябраў арганізацыі ў розных гарадах Беларусі зараз абагульняецца. Большасьць гэтай моладзі ўжо была далучаная да партыяў і рухаў і ўдзельнічала ў палітычных акцыях. Чаму зьявілася патрэба ў новай структуры і чым яна будзе розьніцца ад дзейных тлумачыць Сяргей Галаганюк.

Галаганюк: “Сёньня ўсе арганізацыі трымаюцца нейкіх сваіх ідэяў. Мы бы хацелі праз перамовы злучыць у нашым руху ўсе моладзевыя аб’яднаньні. Бо лебедзя, рака і шчупака ўжо надакучыла бачыць. А будучыня за моладзьдзю”.

Паводле спадара Галаганюка, пасьля першай акцыі ў падтрымку палітзьняволеных, мае адбыцца зьезд і рэгістрацыя новых каліноўцаў. Наколькі запатрабаваным сёньня ёсьць новы моладзевы рух гаворыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Мацкевіч: “Сёньня ў Беларусі мы маем такі парадокс, што арганізацыі не выконваюць тых функцыяў, дзеля якіх ствараліся. Здавалася б, гэта патрабуе стварэньня новых арганізацыяў. Але ж, калі няма ідэі -- як і чым яны будуць адрозьнівацца ад старых, то мы і надалей будзе пладзіць тыя ж самыя, ні на што ня здольныя арганізацыі, якія крытыкуем і сёньня. Іншая рэч, што спрабаваць трэба і, калі ёсьць добрая дэбютная ідэя, то можна імкнуцца стварыць нешта такое, што будзе кардынальным чынам розьніцца ад таго, што ёсьць сёньня”.