Дэпутат польскага Сэйму: "У Бэрліне добра разумеюць сытуацыю ў Беларусі"

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Група дэпутатаў польскага Сэйму наведала Нямеччыну: там палітыкі вялі размовы таксама й пра сытуацыю ў Беларусі. Гаворыць Кшыштаф Лісак – сябра дэпутацкай групы салідарнасьці зь Беларусьсю.
Лісак: “Я размаўляў у Бундэстагу зь людзьмі, якія займаюцца замежнай палітыкай ад хрысьціянскіх дэмакратаў, а таксама з галоўнымі дарадцамі спадарыні канцлеркі Ангелы Мэркель у справах усходняй палітыкі.

Мяне вельмі ўзрадавала і, мушу сказаць, крыху зьдзівіла, што ў Бэрліне вельмі добра разумеюць сытуацыю ў Беларусі і маюць на яе такі самы погляд, як і ў Варшаве. Гэта ня так, што, маўляў, палякі такія радыкалы і да канца падтрыміваюць апазыцыю. Немцы, насуперак таму, што часам кажуць, ня маюць больш мяккай пазыцыі ў дачыненьні да Менску і таксама цьвёрда дамагаюцца выкананьня Лукашэнкам уступных умоваў Эўразьвязу, калі Менск хоча размаўляць зь Нямеччынай, якая кіруе цяпер Эўразьвязам”.