Грамадзкія актывісты патрабуюць вызваленьня Дзянісава

Паводле БелаПАН Грамадзкія актывісты патрабуюць неадкладна вызваліць удзельніка намётавага мястэчка, арганізаванага ў сакавіку 2006 году на Кастрычніцкай плошчы Менску, Дзяніса Дзянісава й разглядаюць яго затрыманьне выключна як палітычнае. Як паведаміў БелаПАН палітык Вячаслаў Сіўчык, гэтае патрабаваньне зьмешчанае ў заяве, якую падпісалі былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір, былы камэндант намётавага мястэчка Алесь Мазур і сам спадар Сіўчык.
Дзяніс Дзянісаў быў затрыманы "на падставе пратакола аб утрыманьні пад вартай" вечарам 16 лютага ў Гомелі, адкуль ён меў намер выехаць у Віцебск. Малады чалавек быў дастаўлены ў гомельскі ізалятар часовага ўтрыманьня. Яму інкрымінуецца ўчыненьне злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя й падрыхтоўка групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Вячаслаў Сіўчык не выключае таго, што, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе падзеі ў Віцебску летам 2006 году, калі на асьвятляльнай вежы гарадзкога стадыёну моладзевая актывістка Крысьціна Шацікава вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг, а ў горадзе зьявіліся графіці "Бунт!".

Паводле зьвестак спадара Сіўчыка, для Дзянісава адмаўляюцца прымаць перадачы, спасылаючыся на тое, што ён знаходзіцца ў Гомелі часова й павінен быць этапаваны ў Віцебск.

"Мы разглядаем арышт Дзянісава як зьвядзенне рахункаў антынароднага рэжыму за спробу данесьці людзям ідэалы дэмакратыі, вяршэнства права й павагу да правоў чалавека. Мы лічым "справу" Дзянісава палітычна матываванай і патрабуем яго неадкладнага вызваленьня", – гаворыцца ў заяве.

Дэмакратычныя актывісты заклікаюць палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі ды ўсіх людзей добрай волі запатрабаваць неадкладнага вызваленьня Дзяніса Дзянісава.